×

Розныя, але разам

21.09.2019 12:09,

Каля 100 школьнікаў з Польшчы, Беларусі і Украіны прынялі ўдзел у фінальным мерапрыемстве Міжнароднай адукацыйнай кампаніі “Насустрач будучыні!”, якое на працягу 3 дзён праходзіла ў польскім Жэшуве ў рамках Дня еўрапейскага супрацоўніцтва і Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча — Беларусь — Украіна” на 2014—2020 гады. У ліку 24 запрошаных каманд, адабраных з больш як 70 заявак, былі прадстаўнікі гімназіі № 1 Баранавіч, сярэдняй школы № 18 і гімназіі № 2 Брэста, Тэльмінскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна, Гродзенскай гарадской гімназіі, гімназіі № 1 Навагрудка, сярэдняй школы № 3 Дзятлава і сярэдняй школы № 20 Гродна.

— У Міжнароднай адукацыйнай кампаніі, якая праводзіцца з мэтай культурнай і адукацыйнай інтэграцыі моладзі з памежных рэгіёнаў Польшчы, Беларусі і Украіны, мы паспяхова ўдзельнічаем з 2015 года, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Баранавіч Л.І.Тарасюк. — Дзень еўрапейскага супрацоўніцтва адзначаецца 21 верасня і дэманструе перавагі і дасягненні прыгранічнага супрацоўніцтва ў вырашэнні агульных важных задач. Падчас знаходжання ў Польшчы дзяцей чакала шмат цікавых мерыпрыемстваў. Так, у конкурсе відэаролікаў наша каманда з ліку Марыі Радчанка, Агаты Сільчанка, Лізаветы Мельнікавай і Лізаветы Гумінскай заняла 1-е месца. Журы высока ацаніла арыгінальнасць сюжэта, глыбіню раскрыцця тэмы і эстэтычныя асаблівасці фільма, у якім гімназісты прапанавалі ўзяць у будучыню не толькі тэхналогіі і матэрыяльныя даброты, а найперш агульначалавечыя каштоўнасці: адказнасць, павагу, годнасць, мір, талерантнасць, супрацоўніцтва, культурныя і нацыянальныя традыцыі… Гледачам спадабаўся слоган відэароліка “Мы розныя, але мы разам!”.

 Вучні з 3 краін у складзе змешаных каманд удзельнічалі ў палявой гульні на тэрыторыі студэнцкага гарадка Жэшуўскага політэхнічнага ўніверсітэта, дзе займаліся робататэхнікай, электрамагнетызмам, скалалажаннем, дактыласкапіяй, хіміяй, фізікай і інш. Школьнікам былі прапанаваны трэнінгі на тэхніцы, мастацтве, спевах і танцах. Сумесная работа над агульнымі праектамі дазволіла набыць каштоўны вопыт. Шмат незабыўных эмоцый падарыў міжнародны валейбольны матч з удзелам зорак каманды AsecoResovia. Добрыя ўражанні пакінула знаёмства з Жэшувам.

— Удзел у мерапрыемстве дазволіў акунуцца ў атмасферу творчасці, дружбы і радасці, наладзіць сяброўскія і прафесійныя сувязі, абмяняцца цікавым вопытам, вызначыць новыя ідэі і праекты, — адзначыла Л.І.Тарасюк.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.