×

Сацыялізуем асаблівых дашкольнікаў

21.01.2020 11:03,

З 2011 года ў дзіцячым яслях-садзе № 3 Драгічына паспяхова дзейнічае група інтэграванага навучання і выхавання. Як вядома, дзецям з АПФР неабходны спецыяльныя ўмовы, метады і сродкі навучання, абумоўленыя іх фізічнымі, псіхічнымі, сацыяльнымі, маўленчымі і іншымі здольнасцямі. Шматгадовы вопыт паказвае, што, гуляючы са здаровымі равеснікамі, асаблівыя малышы хутчэй сацыялізуюцца і развіваюцца ў адпаведнасці з індывідуальнымі магчымасцямі. Сумесная дзейнасць выхоўвае ў дзяцей узаемную павагу, талерантнасць і іншыя важныя маральныя якасці.

Ствараю неабходныя ўмовы для рознабаковага развіцця і сацыялізацыі дашкольнікаў з улікам іх узроставых і індывідуальных магчымасцей, здольнасцей і патрэб. Асноўным відам дзіцячай дзейнасці з’яўляецца гульня, якая актывізуе пазнавальныя інтарэсы выхаванцаў, іх цікаўнасць.

Удзяляю вялікую ўвагу сюжэтна-ролевым гульням як сродку сацыялізацыі пры азнаямленні з працай дарослых. Адлюстроўваючы яе ў гульнявой дзейнасці, дашкольнікі авалодваюць пэўнымі ўменнямі і навыкамі, мадэлямі паво­дзін, набываюць новы сацыяльны вопыт, неабходны ў рэальным жыцці. З гэтай мэтай створана развіццёвае прадметна-прасторавае асяроддзе, выраблены атрыбуты для гульняў “Салон прыгажосці”, “Абутковая майстэрня”, “Салон сувязі”, “Турбюро “Мой горад”, “Пасека”, “Супермаркет” і інш.

Спачатку прапаноўваю асаблівым дзецям пагуляць у простыя сюжэтна-ролевыя гульні (“Пачастуем сяброў чаем”, “Лялька Таня захварэла”, “Будуем дом”), непрацяглыя па часе. Гэтыя гульні выклікаюць у малышоў жаданне наладжваць зносіны з равеснікамі, паважліва адносіцца адно да аднаго, суперажываць іншым. Затым прапаноўваю сюжэтна-ролевыя гульні з больш складаным сюжэтам (“На прыёме ў стаматолага”, “Магазін”, “Пасека”, “Салон сувязі”, “Ветэрынарная клініка”). Так, падчас гульні “Бальніца” асаблівыя дзеці адлюстроўваюць працоўныя дзеянні ўрача вузкай спецыялізацыі: афтальмолага, лора, неўролага і інш.

Звярнула ўвагу, што пры ажыццяўленні ролевых дзеянняў дзеці з АПФР адчуваюць цяжкасці ў паслядоўным адлюстраванні пэўных працоўных аперацый. Для вырашэння гэтай праблемы распрацавала алгарытмы паслядоўнага выканання працоўных дзеянняў дарослых. Акрамя таго, прапанавала бацькам выконваць дома працоўныя дзеянні членаў сям’і (мама гатуе ежу, прыбірае, тата рамантуе бытавую тэхніку і інш.) разам з дзецьмі. Такі сацыяльны вопыт дапамагае малышам паспяхова адлюстроўваць працоўныя дзеянні ў сюжэтна-ролевай гульні “Сям’я”.

Дзіцячы калектыў добра згуртоўваюць агульныя інтарэсы і справы, таму вялікую ўвагу ўдзяляю пазнавальна-практычнай дзейнасці. Дашкольнікі захоплена праводзяць доследы, эксперыментуюць з матэрыяламі і рэчывамі (пяском, вадой, цестам), удзельні­чаюць у праектах. Так, у мінулым навучальным годзе быў рэалізаваны экалагічны праект “Новае жыццё старога аркуша”, дзякуючы якому ў дзяцей былі сфарміраваны ўяўленні пра важнасць збору другаснай сыравіны. Для прыцягнення ўвагі да рацыянальнага выкарыстання паперы быў падрыхтаваны спектакль “Вялікая карысць старога аркуша”.

Настасся Марозава выканала даследчую работу “Чаму чаранкі герані заўсёды зялёныя, а кветкі маюць розную афарбоўку?”, якая была адзначана дыпломам І ступені на раённым этапе Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ дашкольнікаў “Я — даследчык”.

З мэтай фарміравання талерантных адносін да асаблівых дзяцей у нашай установе штогод праходзіць фестываль “Вясёлка талентаў”, які дазваляе пака­заць здольнасці ў музычна-рытмічнай дзейнасці, спевах, выразным чытанні вершаў, дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Для бацькоў дзяцей з АПФР право­дзіцца вусны часопіс з удзелам педагога-псіхолага, кіраўніка фізічнага выхавання, музычнага кіраўніка, медсястры і выхавальнікаў. Выхаванцы разам з мамамі і татамі гуляюць, выконваюць комплексы артыкуляцыйнай гімнастыкі, практыкаванні па развіцці дробнай маторыкі, псіхічных працэсаў, рухальнай актыўнасці і інш. Вопыт сумеснай дзейнасці дапамагае бацькам арганізоўваць цікавы і карысны вольны час з дзецьмі. 

Марыя КАЛАСЕЙ,
выхавальніца дзіцячага ясляў-сада № 3 Драгічына.