×

Шчаслівы настаўнік

22.06.2019 11:35,

Амаль 20 гадоў назад я выбраў настаўніцкую прафесію, якой вельмі ганаруся. За доўгі час работы ў школе пераканаўся, што кожнае дзіця таленавітае, а задача педагога ў тым, каб дапамагчы раскрыцца яго здольнасцям.

Настаўнікі ня­суць вялікую адказнасць не толькі за навучанне школьнікаў, але і за іх выхаванне, таму да педагогаў прад’яўляюцца асаблівыя патрабаванні. Настаўнік павінен быць добра выхаваным чалавекам, каб выхоўваць іншых, сумленным і справядлівым, ніколі не прыніжаць дзяцей, цесна ўзаемадзейнічаць з  іх сем’ямі.

У сваёй рабоце імкнуся выкарыстоўваць метады выхавання, пабудаваныя на ўзаемаразуменні з вучнямі. У кожнага з іх свае здольнасці, інтарэсы і магчымасці. Адным лёгка даюцца гуманітарныя навукі, другім — дакладныя, а трэція любяць займацца творчай дзейнасцю. Мая задача — своечасова заўважыць гэта і дапамагчы дзецям вызначыцца з прыярытэтамі.

Добры настаўнік — гэта найперш прафесіянал, які любіць сваю справу і пастаянна самаразвіваецца. Работу педагога нельга ўкласці ў нармаваны графік. Настаўніцкая дзейнасць — гэта не толькі падрыхтоўка да ўрокаў і праверка сшыткаў, але і вырашэнне вучнёўскіх праблем, прычым у любы час. Са­праўдны педагог не належыць сабе, а ўвесь час і ўсе сілы аддае школе. Цалкам згодны з выказваннем, што шчаслівы настаўнік жыве ў сваіх навучэнцах.

У свой час мне пашанцавала з настаўнікамі. Нашы адносіны будаваліся на ўзаемаразуменні, узаемапавазе і ўзаемавыручцы. Педагогі не толькі вучылі пэўным прадметам, але і жыццю. Цяпер, абапіраючыся на іх вопыт і ўласны, вучу школьнікаў важным чалавечым якасцям, актуальным ва ўсе часы.

Уладзімір КАТЛЯРЭНКА,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 3 Брэста.