×

Школьны лагер для энергічных

28.06.2019 10:30,

Ужо некалькі гадоў пры брэсцкай сярэдняй школе № 6 працуе лагер працы і адпачынку Энергія. Пасля заканчэння навучальнага года пачынае працаваць брыгада, у якую запісваюцца навучэнцы 8 і 9 класаў. Дапамагае працаўладкаваць вучняў Цэнтр занятасці насельніцтва. Не сакрэт, што сучасныя падлеткі імкнуцца падпрацаваць на канікулах, таму ахвотных запісацца ў працоўны лагер дастаткова. Пасля афармлення ўсіх дакументаў 3 чэрвеня 2019 года адкрылася новая змена ў лагеры працы і адпачынку, якая працягвалася да 26 чэрвеня.

 Фронт работы школьнікам у  лагеры працы і адпачынку “Энергія” быў вялікі: з раніцы, пасля снедання, яны адпраўляліся працаваць на тэрыторыі школы. За азеляненнем старанна сочыць увесь педагагічны калектыў і дырэктар школы дэпутат гарадскога Савета Ала Старыкевіч. На прышкольным участку ўсюды патрэбны  працоўныя рукі: паліваць, палоць, ​​зграбаць сена, выносіць смецце, раўняць  зямлю на клумбах і футбольным полі. Акрамя работ, запланаваных на прышкольнай тэрыторыі, у дапамозе навучэнцаў мелі патрэбу бібліятэка і вучэбныя кабінеты. У бібліятэцы дзеці падклейвалі кнігі, дапамагалі бібліятэкару Аксане Янушэўскай атрымаць новую літаратуру, наводзілі парадак на кніжных стэлажах. Частка дзяцей працавала ў вучэбных кабінетах. Яны займаліся падрыхтоўкай мэблі да пачатку новага навучальнага года, аказвалі дапамогу настаўнікам у сістэматызацыі матэрыялу.

Пасля працы дзяцей чакалі забавы, гульні, конкурсы, віктарыны, экскурсіі. Школьнікі наведалі брэсцкі Парк высокіх тэхналогій, музей біялагічнага факультэта БрДУ імя Пушкіна, зімні сад, выставачную залу Брэсцкай крэпасці, кінатэатр.

                    

  У канцы змены навучэнцы загарэлі, памужнелі, з’ядналіся. Калектыўная праца дапамагла ім павысіць самаацэнку, выхаваць пачуццё таварыства, адказнасці. За сваю працу яны атрымалі грашовую ўзнагароду і першую працоўную кніжку. Заробленыя грошы кожны зможа выкарыстаць па сваім жаданні: хтосьці набудзе вопратку ці абутак, хтосьці — школьныя прылады да новага навучальнага года, хтосьці — падарункі і сувеніры родным і блізкім. Але ўсе яны змогуць з гонарам сказаць: “Гэта зарабіў я!”        

Ірына ГАРДЗЯЙЧУК,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 6 Брэста, намеснік дырэктара школьнага лагера працы і адпачынку “Энергія”.