×

Смартфон — саюзнік педагога

16.07.2019 12:05,

— У час інфармацыйных тэхналогій даволі цяжка ўтрымліваць увагу вучняў на важным і неабходным матэрыяле, — гаворыць настаўніца нямецкай мовы Наталля Васільеўна Бойка з сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава. — Даводзіцца шукаць сродкі і прыёмы навучання, якія развіваюць пазнавальную актыўнасць дзяцей, вучаць іх самастойна здабываць інфармацыю, выкарыстоўваць атрыманыя веды ў жыцці. Адзін з такіх сродкаў — смартфон. Ім можна паспяхова карыстацца на ўроках нямецкай мовы, у пазакласнай і самастойнай рабоце. Смартфон дапамагае авалодаць усімі відамі маўленчай дзейнасці дзякуючы доступу да інтэрнэту, наяўнасці відэакамеры, мікрафона, тэкставых і галасавых паведамленняў, карт і адукацыйных дадаткаў.

Педагог апрабавала прыёмы і практыкаванні па развіцці пазнавальнай актыўнасці вучняў праз выкарыстанне BOYD-тэхналогіі. У планах — распрацоўка вучэбных модуляў з прымяненнем мабільных дадаткаў Quizlet, накіраваных на трэніроўку і дыягностыку лексічнага і граматычнага матэрыялу.

— BOYD-тэхналогія — эфектыўны сродак навучання і развіцця вучэбна-пазнавальных кампетэнцый школьнікаў пры засваенні нямецкай мовы, — расказвае Наталля Васільеўна. — Гэтая тэхналогія забяспечвае сувязь вывучанага матэрыялу са што­дзённым жыццём дзяцей, дапамагае разгледзець не толькі вучэбныя, але і рэальныя праблемы, перанесці адукацыйны працэс за межы класа, наладзіць актыўнае ўзаемадзеянне вучняў адно з адным, з педагогамі і іншымі дарослымі. У перакладзе з англійскай мовы BOYD (Bringyourowndevice) — “прынясі з сабой сваю прыладу”. Гэта можа быць смартфон, ноўтбук, планшэт. Яны партатыўныя і заўсёды пад рукой.

Часцей за ўсё Н.В.Бойка выкарыстоўвае на ўроках магчымасці камеры смартфона для навучання гаварэнню. У тэлефонах вучняў захоўваюцца шматлікія фотаздымкі, да якіх настаўніца звяртаецца пры вывучэнні тэмы “Падарожжа па розных краінах” у 7 класе (дзеці паказваюць фота мясцін, дзе пабывалі, а клас здагадваецца, дзе аўтар зрабіў фота і якія ўражанні засталіся ў яго ад паездкі) і адпрацоўцы ўжывання дзеясловаў у мінулым часе. Прымяняючы функцыю “Макраздымак”, школьнікі робяць фота часткі пэўнага прадмета ў класе, а потым у парах, задаючы пытанне “Іstdasein/eine...?”, вызначаюць гэты прадмет. Такі прыём дапамагае адпрацоўваць лексічныя адзінкі па тэмах і трэніравацца адказваць на агульныя пытанні.

— Асноўная задача пры рабоце з камерай — гаварыць па-нямецку, а не фатаграфаваць, — заўважае Наталля Васільеўна. — У якасці дамашняга задання для трэніроўкі новай лексікі даю вучням спіс аб’ектаў, якія трэба сфатаграфаваць. Заахвочваю абмеркаванне і творчы падыход.

У практыку работы настаўніцы трывала ўвайшлі дзіцячыя фотагісторыі, складзеныя самастойна. У метадычнай скарбонцы педагога — прэзентацыі на тэмы “Знешнасць і характар”, “Спорт”, “Падарожжы па розных краінах” і “Пакупкі” (7 клас), “Школа”, “Музыка”, “Звычаі Беларусі і краіны, чыя мова вывучаецца”, “Кнігі” і “Здаровае харчаванне” (8 клас).

— Вялікім адукацыйным патэнцыялам валодаюць відэа­здымкі на камеру смартфона, — гаворыць Н.В.Бойка. — Звяртаюся да іх пры арганізацыі пазакласнай дзейнасці, у тым ліку ў рамках супрацоўніцтва з Вальдорфскай школай Равенсбурга (Германія). Дзецям вельмі падабаецца конкурс “Фотаралі”. Групы вучняў атрымліваюць заданні, звязаныя з пошукам у горадзе пэўнага месца, помніка архітэктуры і г.д. Школьнікі робяць відэа­сюжэт і расказваюць класу пра сваю работу. Такім чынам дзеці не толькі вучацца ўзаемадзейнічаць, але і лепш пазнаюць родны горад і яго гісторыю, удасканальваюць камунікатыўныя навыкі.

Пры вывучэнні замежнай мовы некаторыя школьнікі саромеюцца гаварыць, баючыся памыліцца. На дапамогу прыхо­дзіць дыктафон, які пазбаўляе ад стрэсу. Дзеці могуць запі­саць сваё маўленне, праслухаць яго і параўнаць з аўтэнтычным. Гэта знімае псіхалагічныя цяжкасці гаварэння, развівае размоўнае маўленне, фанетычныя навыкі. Пры завучванні вершаў на памяць школьнікі запісваюць іх чытанне на смартфоны, пасля чаго праслухоўваюць і аналізуюць.

— Неабмежаваныя магчымасці дае інтэрнэт, — адзначае Н.В.Бойка. — Дзякуючы яму можна працаваць з электронным слоўнікам, шукаць неабходную інфармацыю, працаваць з флэш-картамі Quizlet, мець зносіны ў сацыяльных сетках, чы­таць аўтэнтычныя матэрыялы. Так, з дапамогай дадатку WhatsApp васьмікласнікі арганізавалі групу, дзе ў цікавай форме вывучаюць тэму “Новы год у маёй сям’і”. Дзеці размяшчаюць святочныя фота, а ўдзельнікі групы каменціруюць іх, задаюць пытанні, параўноўваюць звычаі і традыцыі святкавання ў розных краінах і сем’ях. Такім чынам удасканальваюцца камунікатыўныя навыкі шляхам візуалізацыі, зносіны праходзяць нязмушана.

Вывучаючы тэму “Падарожжы па розных краінах”, сямікласнікі распытваюць пра знаходжанне аб’ектаў у горадзе, складаюць маршруты, выкарыстоўваючы Google-карты. Quizlet дазваляе вывучаць словы па флэш-картах, на адным баку якіх знаходзіцца слова, а на другім — пераклад (карцінка). Словы ў Quizlet можна не толькі вучыць, але і тэсціраваць з дапамогай гульняў і розных заданняў.

— Смартфон паказаў сябе эфектыўным сродкам навучання, дзякуючы якому павысілася цікавасць дзяцей да нямецкай мовы. Безумоўна, мабільнае навучанне не заменіць традыцыйныя сродкі і прыёмы. Адукацыйныя магчымасці ІТ-тэхналогій вялікія, неабходна актыўна выкарыстоўваць іх у педагагічнай дзейнасці, — падагульняе Н.В.Бойка.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.