×

СМІ — гэта важна! СМІ — гэта цікава! “21-я ў ХХI стагоддзі”

25.10.2019 15:17,

Якое цікавае і разнастайнае школьнае жыццё! Гэта маленькая краіна, у якой не так проста ўсачыць за патокам падзей, а тым больш захаваць у памяці самыя незвычайныя, цікавыя і важныя з іх. Фатаграфіі і летапіс школы могуць у гэтым дапамагчы, але найлепшым варыянтам будуць школьныя СМІ.

У 2010 годзе ў нашай школе № 21 Баранавіч сярод удзельнікаў савета навуковага таварыства “Пошук” нарадзілася ідэя выпусціць веснік па выніках праведзенай навукова-практычнай канферэнцыі. Выпусцілі. Веснікам “З навукай у будучыню” ганарыліся, і гэта было не дарма. Потым з’явілася новая ідэя: а калі распавядаць пра падзеі школы часцей? Так на свет нарадзіўся інфармацыйна-пазнавальны часопіс “21-першая ў ХХI стагоддзі”. Назву падказаў дырэктар школы Мікалай Аляксандравіч Жукоўскі. “Якая яна, 21-я ў ХХI стагоддзі?” — так ён пачаў расказваць пра сваю школу на вечары сустрэчы выпускнікоў.

Ужо дзевяць гадоў на старонках часопіса захоўваецца гісторыя школьнага жыцця. Многія першыя карэспандэнты і дызайнеры-афарміцелі ўжо адвучыліся ва УВА, і той досвед, які атрымалі падчас працы ў нашым часопісе, ім вельмі спатрэбіўся. Сёння жадаючых пісаць артыкулы, браць інтэрв’ю, ствараць фотагалерэю падзей не становіцца менш. Прычым гэта не толькі нашы вучні, ёсць і пазаштатныя карэспандэнты.

Традыцыйна першая старонка заўсёды прысвечана пераможцам алімпіяд і алімпіяднаму руху. Кожны выпускны клас пакідае нататку пра свой калектыў. Мы пішам пра ветэранаў педагагічнай працы і юбілейныя даты, пра дасягненні вучняў і настаўнікаў. Шмат старонак адводзіцца асвятленню актыўнай дзейнасці дзіцячых грамадскіх арганізацый, спартыўнага жыцця, вынікаў школьных акцый. На тэматычных старонках “Шосты школьны дзень”, “Гэта важна”, “Гэта трэба ведаць”, “Гэта цікава”, “ЗЛЖ” друкуюцца праекты, праграмы, памяткі, правілы, пазнавальныя віктарыны. Нядаўна ў часопісе з’явіліся старонкі псіхолага і бібліятэкара.
Настаўнікі таксама нам пішуць! Іх тэмы — прадметныя тыдні, конкурсы, творчыя справаздачы. Асабліва прыцягваюць увагу чытачоў яркія фотасправаздачы з розных традыцыйных мерапрыемстваў. “Калядныя музычныя сустрэчы” бацькоў і вучняў (у школе 1387 вучняў, з іх 546 займаюцца музыкай і танцамі), “Музычная восень”, “Фэст патрыятычнай песні”, “Цырымонія ўшанавання лепшых навучэнцаў”, “Школа запальвае зоркі”, канферэнцыі, конкурсы, выставы, урачыстыя лінейкі, канцэрты — усе школьныя мерапрыемствы адлюстраваны ў фотаздымках.

Нягледзячы на ​​вялікую колькасць разнастайных СМІ, наш часопіс — адзін з самых папулярных выданняў у школьнай бібліятэцы. І гэта зразумела, бо кожная старонка — гэта знаёмыя твары настаўнікаў і дзяцей, гэта “Я”, якое назаўсёды захаваецца ў гісторыі школы.


Валянціна РАДЗЯНКА,
настаўніца музыкі і мастацтва сярэдняй школы № 21 Баранавіч,
рэдактар школьнага інфармацыйна-пазнавальнага часопіса “21-я ў ХХI стагоддзі”.