×

Спаборнічалі дашкольнікі

28.05.2019 15:55,

У яслях-садах №№ 3 і 4 Маларыты прайшлі двухтыднёвыя спаборніцтвы па мнагаборстве, арганізаваныя кіраўніком фізічнага выхавання Вольгай Сымонік.

Сілу, спрыт і вынослівасць падчас фізічных выпрабаванняў дэманстравалі выхаванцы старшай і рознаўзроставай груп. Наймацнейшыя вызначаліся ў бегу на 10, 30, 120 і 150 метраў, скачках у даўжыню з месца, кіданні набіўнога і тэніснага мяча ўдалечыню. Акрамя таго, правяраліся лоўкасць, гнуткасць і каардынацыя рухаў.

Пераможцы спаборніцтваў атрымалі заслужаныя медалі, а ўсе ўдзельнікі — вітамінныя прызы ад Маларыцкага кансервавагароднінасушыльнага камбіната. Сярод найлепшых — Арцём Сянько, Валерыя Крэнь, Максім Тарасюк, Ганна Аўдзяюк, Арцём Альшэўскі і Яна Лазіцкая (яслі-сад № 4), Мацвей Церахаў, Ксенія Ёрш, Ягор Камісарчук, Паліна Дуднікава, Раман Данілюк, Мілана Янушчык, Аляксей Харык і Кацярына Алесік (яслі-сад № 3).

Завяршыліся двухтыднёвыя спаборніцтвы па мнагаборстве першым у гісторыі дашкольных устаноў Маларытчыны таварыскім матчам па футболе паміж камандамі “Залатая маланка” (яслі-сад № 4) і “Ракета” (яслі-сад № 3). Гульня завяршылася з лікам 1:0. Перамаглі выхаванцы ясляў-сада № 4. Абедзве каманды атрымалі футбольныя мячы з рук старшыні раённай арганізацыі Беларускага фонду міру Людмілы Бурштын.

Плануецца, што сяброўскія гульні па футболе сярод гарадскіх дашкольных каманд стануць традыцыйнымі.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.