×

Спаборнічалі юныя даследчыкі

30.12.2019 14:26,

На базе сярэдняй школы № 2 Маларыты адбылася ХV раённая канферэнцыя (конкурс даследчых работ) “Дзеці. Творчасць. Інтэлект” сярод вучняў 5—11 класаў. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі аддзел па адукацыі райвыканкама і раённы ВМК.

У сёлетнім конкурсе, які праводзіцца з мэтай развіцця інтэлектуальных здольнасцей вучняў, пашырэння кола іх адукацыйных інтарэсаў, павышэння якасці ведаў па вучэбных прадметах, удзельнічалі юныя даследчыкі з 16 устаноў адукацыі. Да абароны былі дапушчаны 25 работ, якія прэзентаваліся ў 11 секцыях.

Школьнікаў цікавілі пытанні, звязаныя з гісторыяй помнікаў вёскі Радзеж, вобразам настаўніка ў мастацкай літаратуры, выкарыстаннем асабовых назоўнікаў з эмацыянальна-экспрэсіўнай ацэнкай, хрысціянскіх матываў у творчасці беларускіх пісьменнікаў, тэарэмы Менелая ў рашэнні задач, нямецкіх запазычанняў у сучаснай рускай мове. Юныя даследчыкі вывучалі нестандартны падыход да вымярэння аб’ёму фізічных цел, гісторыю свідравальнага станка, стваралі андроід-дадатак па фізіцы, вызначалі радыус Зямлі з выкарыстаннем гаджэтаў, вывучалі гісторыю цэркваў Маларытчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, даследавалі папуляцыю барсука звычайнага на тэрыторыі раёна і інш.

Па выніках канферэнцыі будзе выдадзены зборнік тэзісаў. Найлепшыя работы юных даследчыкаў прымуць удзел у абласной навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.