×

Спяваем разам!

01.11.2019 16:10,

У сістэме эстэтычнага выхавання навучэнцаў школ і ўстаноў дадатковай адукацыі Ганцавіччыны важнае месца займае развіццё дзіцячай харавой творчасці. Да адраджэння харавых калектываў падштурхнуў рэспубліканскі конкурс “Спяваем разам”, у якім 3 гады назад сваё выканальніцкае майстэрства паказалі ўсяго 3 калектывы з нашага рэгіёна. Але час не стаіць на месцы. На сёлетні раённы этап гэтага конкурсу, які прайшоў на базе сярэдняй школы № 3 Ганцавіч, падалі заяўкі ажно 11 калектываў.

Падтрымаць удзельнікаў прыйшлі не толькі сябры і аднакласнікі, але і бацькі. Артыстызм, музыкальнасць і выразнасць выканальніцкага мастацтва юных харыстаў пакарылі сэрцы журы і гледачоў. Пераможцам конкурсу стаў калектыў “Журавінка” з Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці. Акрамя таго, у тройку прызёраў увайшлі калектывы “Музычная хваля” з сярэдняй школы № 3 Ганцавіч і “Акварэль” з гімназіі Ганцавіч. Калектыў “Валошкі” з Хатыніцкай сярэдняй школы быў адзначаны ў намінацыі “За захаванне нацыянальных традыцый у дзіцячай харавой творчасці”. Найлепшым салістам прызнаны Антон Крупеніч, удзельнік калектыву “Натхненне” з Раздзялавіцкай сярэдняй школы.

Наперадзе ў юных талентаў чарговыя выступленні, нястомная работа па ўдасканаленні спявацкіх навыкаў і, вядома, пакарэнне новых вяршынь.

Аксана РЫЛКА,
галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама.