×

Сустрэча з пісьменнікам

09.04.2019 12:31,

Вельмі цікава ў яслях-садзе № 4 Ганцавіч прайшоў беларускамоўны дзень. У госці да педагогаў завітаў пісьменнік Анатоль Крэйдзіч, заслужаны журналіст Беларусі, намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, творчы супрацоўнік ганцавіцкай раённай газеты “Савецкае Палессе”.

Анатоль Мікалаевіч расказаў пра сям’ю і шлях у літаратуру, пазнаёміў са сваімі кнігамі, у якіх асэнсоўвае рэчаіснасць і паказвае жыццё сучаснікаў. Пісьменнік прызнаўся, што вельмі любіць у вольны час працаваць на зямлі.

Госць падарыў нашай установе зборнік прозы “Параненыя мары”, які складаецца з апавяданняў і кароткіх мініяцюр пра людзей са складанымі лёсамі. У сваіх творах аўтар шукае адказ на пытанне: “Для чаго жыве чалавек на гэтым свеце?”

Напрыканцы сустрэчы пісьменнік пакінуў запіс у летапісе ўстановы. Мы вельмі ўдзячны за добрыя словы і пажаданні калектыву ясляў-сада. Гэтая сустрэча надоўга застанецца ў памяці.

Людміла ГАРАГЛЯД,
загадчыца ясляў-сада № 4 Ганцавіч.