×

Сувязны

15.05.2019 15:34,

Вучні 5 “Б” класа сярэдняй школы № 1 Маларыты разам з класным кіраўніком Юліяй Касцевіч наведалі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны 94-гадовага Фёдара Сацюка. Сустрэча атрымалася цікавая і пазнавальная. Пяцікласнікі павіншавалі Фёдара Фёдаравіча з Днём Перамогі,  падарылі кветкі. Ветэран з задавальненнем адказаў на пытанні хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ўважліва слухалі аповед пра падзеі мінулай вайны.

Фёдар Фёдаравіч нарадзіўся і вырас у Маларыце. Перад вайной скончыў 7 класаў. Раніцай 22 чэрвеня 1941 года бацька Фёдар Нічыпаравіч разбудзіў усіх і сказаў, што пачалася вайна. Загадаў хутка збірацца і ехаць у лес. Праз некалькі дзён сям’я вырашыла вярнуцца дамоў. Але ў лесе Сацюкоў дагнаў нямецкі афіцэр на машыне і загадаў ехаць у лясніцтва. Праз некалькі дзён сям’ю адпусцілі.

Фёдару не сядзелася дома, а хацелася змагацца з ворагам. Неяк летам 1942 года знаёмы завёў юнака да партызан. Там з Фёдарам сур’ёзна пагаварылі. Назад ён вярнуўся ўжо сувязным. Юнак атрымаў адказнае заданне: збіраць звесткі пра нямецкі гарнізон у Маларыце і рух цягнікоў. Здабытую інфармацыю Фёдар штодзень насіў у лес і ў спецыяльным месцы пакідаў у гільзе ад снарада. Акрамя таго, юнак распаўсюджваў лістоўкі са зводак Саўінфармбюро. За старанную і небяспечную работу Федзю выказаў падзяку камандзір партызанскага атрада і выдзеліў сям’і юнака каня з павозкай.

— Мне б лепш аўтамат ці пісталет, — прасіў Фёдар у камандзіра, але той адказаў, што гэта пакуль непатрэбна, бо лепшая зброя — вочы, вушы і зрокавая памяць.

У жніўні 1944 года юнака мабілізавалі ў армію. Ён апынуўся ў Польшчы.

— Служыў у запасным палку пяхоты, — успамінае Фёдар Фёдаравіч. — Пасля двух тыдняў курса маладога байца мяне накіравалі ў 1350-ы стралковы полк 234-й стралковай дывізіі І Беларускага фронту. У верасні 1944 года трапіў на перадавую ў складзе ўзвода аўтаматчыкаў.

Стралковы полк выбіваў фашыстаў з пазіцый, якія яны займалі. Камандны пункт размяшчаўся ў пакінутым нямецкім бліндажы. Неўзабаве немцы пайшлі ў наступленне. Ротны тэлеграфіст Фёдар Сацюк дзяжурыў каля апарата. Пасля першых выбухаў сувязь знікла. Камандзір роты загадаў тэрмінова знайсці абрыў і наладзіць сувязь. Салдат накіраваўся ў дарогу. Пад агнём мінамётаў, у цемры, ён змог знайсці абрывы. Вяртаючыся на камандны пункт, прыкмеціў наперадзе нейкую цёмную постаць. Сувязіст, не раздумваючы, падняў дула аўтамата і гучна загадаў: “Стой! Рукі ўгору!” Фашыст кінуў зброю, моўчкі падняў рукі і паслухмяна пайшоў наперад. Фёдар Сацюк прывёў яго пад канвоем на КП, але трапіў у месца знаходжання не сваёй роты. Неўзабаве высветлілася, што пры выкананні задання па ліквідацыі непаладак сувязі немцы закідалі бліндаж гранатамі, дзе яшчэ нядаўна нёс службу Сацюк. Дзякуючы выпадку, з усёй роты жывым застаўся толькі ён. За мужны ўчынак Фёдара Фёдаравіча ўзнагародзілі медалём “За адвагу”.

— У студзені 1945 года мы пайшлі ў наступленне, — успамінае Фёдар Сацюк. — Фарсіравалі Віслу, хутка дайшлі да Познані, потым быў Одэр. У час бою пад Шнайдэмюлем у Германіі атрымаў раненне ў жывот. У медсанбаце зрабілі аперацыю, а праз тыдзень накіравалі ў Познань, далей у Лодзь, Люблін… Пасля апынуўся ў шпіталі ва Ульянаўску, дзе і сустрэў перамогу.  Цягніком дабраўся ў Маскву, а затым у Брэст. У чэрвені 1945 года быў ужо дома.

Пасля заканчэння вайны Фёдар Фёдаравіч працаваў памочнікам кінамеханіка, у аддзеле кадраў Брэсцкага леспрамгаса, статыстам-эканамістам у райсельгасаддзеле і машынна-трактарнай станцыі, электрыкам на Маларыцкім кансервавагароднінасушыльным камбінаце, загадчыкам фермы калгаса “Радзіма”. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак Фёдар Сацюк шчыраваў на хлебазаводзе, вартаўніком і рабочым у сярэдняй школе № 1 Маларыты (да 2003 года).

За вызваленне Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў былы партызанскі сувязны атрымаў больш чым 20 узнагарод. Але самымі важнымі з іх ён лічыць ордэн Айчыннай вайны І ступені і медаль “За адвагу”. Фёдар Сацюк ганарыцца тым, што ўнёс сціплы ўклад у перамогу над фашысцкай чумой, што яго дзеці і ўнукі ўжо не адно дзесяцігоддзе жывуць у міры і спакоі. Пра гэта ён і расказвае вучням падчас сустрэч.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.