×

Тэхналогія CLIL: цікава і вынікова

03.06.2019 14:19,

З 2017 года ў гімназіі Ляхавіч рэалізоўваецца інавацыйны праект па ўкараненні кампетэнтнасна арыентаванай лічбавай мадэлі прафарыентацыйнай работы як кампанента мабільнай адукацыі. За час інавацыйнай дзейнасці я напрацавала вопыт па выкарыстанні тэхналогіі CLIL у прафесійна арыентаваным навучанні нямецкай мове.

CLIL (Content and Language Integrated Learning) — гэта прадметна-моўнае інтэграванае навучанне, якое з’яўляецца сёння адным з самых цікавых і распаўсю­джаных падыходаў у авалоданні замежнай мовай. Тэрмін CLIL быў уведзены Дэвідам Маршалам у 1994 го­дзе, хаця тэхналогію, якая хаваецца пад такой назвай, выкладчыкі выкарыстоўваюць даўно. І звяртаецца да яе ўсё больш педагогаў, бо яна мае шэраг відавочных пераваг. Так, тэхналогія CLIL дазваляе вучням больш эфектыўна наладжваць іншамоўныя зносіны, лепш пазнаць і зразумець чужую культуру, палепшыць моўную кампетэнцыю і навыкі натуральнага вуснага маўлення. Акрамя таго, работа над рознымі тэмамі дазваляе выву­чыць спецыфічныя тэрміны, пэўныя моўныя канструкцыі, папоўніць слоўнікавы запас прадметнай тэрміналогіяй. Тэхналогія CLIL развівае творчы патэнцыял дзяцей і іх мысленне, павышае матывацыю вучняў і ўпэўненасць у сабе.

Інстытут Гётэ ў Мінску прапаноўвае бясплатны адукацыйны праект “Дзіцячы анлайн-універсітэт” на аснове тэхналогіі CLIL. Гэты праект можна выкарыстоў­ваць у школьным навучанні ў розным кантэксце. Так, яго лекцыі падыходзяць у якасці матэрыялаў для ўрока па адпаведнай тэме, пазаўрочнай дзейнасці і міжпрадметных праектаў. Па фармаце “дзіцячы ўніверсітэт” вельмі падобны на сапраўдны. Дзеці вучацца на 3 факультэтах (“Чалавек”, “Прырода”, “Тэхніка”) і праслухоўваюць 10 лекцый. Выконваючы нестандартныя і далёкія ад школьнай праграмы заданні, “студэнты” збіраюць бэйджы, якія дапамагаюць рухацца па ўніверсітэцкай кар’ернай лесвіцы — ад студэнта (да 8 лекцый), бакалаўра (9 лекцый), магістра (15 лекцый), доктара навук (21 лекцыя), малодшага прафесара (27 лекцый) да прафесара (30 лекцый). Для настаўнікаў нямецкай мовы, якія хацелі б інтэграваць “дзіцячы ўніверсітэт” у вучэбны працэс, Інстытут Гётэ прапаноўвае дыдактычныя матэрыялы да кожнай з 30 відэалекцый для бясплатнага спампоўвання.

Выхаванцы гімназічнага аб’яднання па інтарэсах “Нямецкая без адзнак” з ліку пяцікласнікаў ахвотна сталі “студэнтамі” “дзіцячага ўніверсітэта”. Яго заняткі ўяўляюць сабой пасяджэнні навуковага таварыства. Навучанне праходзіць праз даследчую дзейнасць. Кароткія навукова-папулярныя відэасюжэты, узятыя з сайта праекта, дазваляюць вучням пагрузіцца ў праблему, а затым падчас самастойнай даследчай дзейнасці ў суправаджэнні настаўніка паглыбіць веды ў галіне, абазначанай у сюжэце, і набыць уласны практычны вопыт. Пры вывучэнні розных аспектаў праблемы ажыццяўляецца сістэмна-дзейнасны падыход у навучанні, дзякуючы чаму ў дзяцей фарміруецца больш цэласная карціна свету. Навучанне праз даследаванне падзяляе адказнасць за вынікі навучання ў роўнай ступені паміж педагогам і вучнямі. Дзеці вучацца лепш, калі самастойна знаходзяць рашэнне. Авалоданне навыкамі мыслення і разважання больш важнае, чым асваенне пэўнай вучэбнай тэмы.

Праграма “Нямецкая мова з “Дзіцячым анлайн-універсітэтам” адрасавана пяцікласнікам школ, паколькі відэалекцыі “дзіцячага ўніверсітэта” пабудаваны з улікам пытанняў, якія задавальняюць пазнавальную цікавасць дзяцей менавіта гэтага ўзросту. Акрамя таго, яны ўжо назапасілі неабходны нямецкамоўны лексічны матэрыял, дастатковы для пагружэння ў моўнае асяроддзе.

Праграма носіць прапедэўтычны характар: рыхтуе дзяцей да вывучэння біялогіі, фізікі і хіміі на нямецкай мове і адначасова матывуе да яе вывучэння. Праграма стварае дадатковыя магчымасці для выкарыстання моўных сродкаў, засвоеных на ўроках. Знаёмства са з’явамі навакольнага свету на замежнай мове валодае моцным развіццёвым эфектам. Так, на факультэце “Тэхніка” вучні на лекцыі “Анлайн-гульня” знаёмяцца з працэсам стварэння відэагульняў і даведваюцца, хто займаецца іх распрацоўкай. 

Пасля прагляду відэасюжэта дзеці выконва­юць 4 інтэрактыўныя заданні. Кожны вучань працуе ў сваім тэмпе. Лекцыя разлічана на 3 заняткі па 45 хвілін. Да кожнай лекцыі настаўніку прапаноўваецца падрабязны паўрочны план з практычнымі заданнямі і ідэямі. На занятках выкарыстоўваю раздатачныя матэрыялы з заданнямі для індывідуальнай, парнай і групавой работы, распрацаваныя метадыстамі Нямецкага культурнага цэнтра імя Гётэ ў Маскве і размешчаныя на сайце “дзіцячага ўніверсітэта” ў раздзеле “Для настаўнікаў” (Lernszenarien: https://kinderuni.goethe.de/mod/page/view.php?id=1578, Weitere Lernmaterialien: https://kinderuni.goethe.de/mod/data/view.php?id=1755). Заняткі праводжу ў камп’ютарным класе з перасовачнай мэбляй для арганізацыі работы ў групах і рухавых гульняў. Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне праграмы ўключае абсталяванне для правядзення эксперыментаў, фотаапарат, прынтар, матэрыялы для выканання творчых работ, камп’ютар з доступам да інтэрнэту, праектар, калонкі, экран і інтэрактыўную дошку.

Нягледзячы на пэўныя цяжкасці (адсутнасць у настаўнікаў замежнай мовы дастатковых ведаў па іншых прадметах) па ўкараненні тэхналогіі CLIL, яна дазваляе вырашаць даволі шырокае кола адукацыйных задач. Адначасовае вывучэнне замежнай мовы і нямоўнага прадмета з’яўляецца ўзаемадапаўняльным і вельмі карысным.

Нэлі ПІШЧ,
настаўніца нямецкай мовы гімназіі Ляхавіч.