×

Тут цікава

26.10.2019 14:18,

Не ведаеце, чым заняць дзяцей у вольны час?

Не можаце адарваць іх ад тэлевізараў, камп’ютараў ці мабільных тэлефонаў?

У такім выпадку варта зазірнуць у Маларыцкі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дзе з лёгкасцю спраўляюцца з гэтымі праблемамі.

У сярэдзіне дня ва ўстанове пануе непрывычная цішыня. Педагогі рыхтуюцца да заняткаў з дзецьмі, каб яны прайшлі цікава, ярка, запамінальна і з карысцю. Пасля абеду цэнтр ажывае, напаўняецца радаснымі дзіцячымі галасамі і ўсмешкамі. Дзеці прыходзяць сюды ахвотна і толькі па ўласным жаданні. Ім тут цікава.

— Нам ёсць што прапанаваць дзецям, — гаворыць дырэктар установы Ала Шабогіна. — Выбар напрамкаў работы надзвычай шырокі. Так, у бягучым навучальным годзе заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах наведвае больш за 1,1 тысячы дзяцей ва ўзросце ад 5 да 17 гадоў. З імі займаюцца 54 педагогі. Кожны выхаванец выбірае занятак па душы, у якім хацеў бы ўдасканаліць і набыць пэўныя веды, уменні і навыкі.

Цэнтр прапаноўвае дзецям дэкаратыўна-прыкладны, мастацкі, экалагічны, тэхнічны, культурна-адпачынкавы, прыродна-матэматычны і сацыяльна-педагагічны (школа бяспекі) профілі навучання. Дзейніча­юць аб’яднанні па інтарэсах на любы густ, у якіх можна займацца шахматамі, эстраднымі танцамі, журналістыкай, маляваннем, робататэхнікай, фальклорам, харэаграфіяй, тэатрам, праграмаваннем, канструяваннем, тэхнічнай творчасцю...

— Сельскія вучні таксама не абдзелены ўвагай, — заўважае дырэктар. — На базе 11 сельскіх устаноў адукацыі дзейнічаюць розныя аб’яднанні па інтарэсах ад нашага цэнтра. Акрамя таго, заняткі аб’яднанняў праводзяцца на базе шэрага ясляў-садоў Маларыты. Дзейнасць педагогаў накіравана на раскрыццё талентаў дзяцей, дапамагае ім вызначыцца з будучай прафесіяй, развіць пэўныя здольнасці, сфарміраваць светапогляд, важныя маральныя якасці, сацыялізавацца.

Установа ідзе ў нагу з часам. Педагогі рэгулярна вывучаюць запыты дзяцей і іх бацькоў. Штогод прапаноўваюць ім што-небудзь новае, спрабуюць, эксперыментуюць. Так, сёлета з’явіліся гурткі па салома­пляценні, арыгамі, медыядызайне, спевах, дэкаратыўна-прыкладной творчасці, развіцці вуснага маналагічнага маўлення ў дашкольнікаў.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.