×

У пачатку настаўніцкай дарогі

17.09.2019 15:57,

Ва ўстановы адукацыі Маларытчыны прыехалі 9 маладых педагогаў, выпускнікоў БрДУ імя А.С.Пушкіна і Пінскага каледжа БрДУ імя А.С.Пушкіна. 5 школ раёна сталі першым месцам работы для настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя, замежных моў, пачатковых класаў, беларускай мовы і літаратуры, фізікі, інфарматыкі, геаграфіі, гісторыі і грамадазнаўства, а таксама педагога-псіхолага.


Дырэктар Чарнянскай сярэдняй школы Жанна Рабчынская з маладымі настаўнікамі. 

У Чарнянскую сярэднюю школу размеркаваны 3 маладыя спецыялісты. Вольга Кулічык будзе выкладаць беларускую мову і літаратуру, Ілья Буйвідовіч — фізіку і інфарматыку, Дзіяна Пташыц — геаграфію. Ці задаволены педагогі першым працоўным месцам?

— Я родам з Чарнян, — расказвае Вольга Кулічык. — Па мэтавым накіраванні прыехала ў родную школу, якую скончыла ў 2015 годзе. Дома, як кажуць, і сцены дапамагаюць. Настрой баявы, усё задавальняе. Адчуваю неадольнае жаданне хутчэй прыступіць да работы. Уважліва вывучаю метадычную літаратуру, рыхтуюся да першых заняткаў. Хочацца парадаваць вучняў цікавымі і змястоўнымі ўрокамі. Буду выхоўваць у дзяцей патрыятызм, павагу і любоў да роднай мовы, нацыянальнай культуры, гонар за малую радзіму і Беларусь.

— Калектыў прыняў добра, умовы працы задавальняюць, школа прыгожая і ўтульная, — гаворыць Ілья Буйвідовіч. — З нецярпеннем чакаю першую сустрэчу з вучнямі. Я нарадзіўся і вырас у Дарапеевічах. Жыць буду дома. На работу — транспартам. Любую справу пачынаць няпроста. Цяжкасцей не баюся. Настаўніцкую прафесію выбраў усвядомлена. Працаваць у школе марыў з дзяцінства. І вось мара здзейснілася! Думаю, педагагічная дзейнасць прынясе радасць і задавальненне. Буду імкнуцца стаць прафесіяналам у любімай справе.

— З боку педагагічнага калектыву адчуваю падтрымку, разуменне і ўвагу, — адзначае Дзіяна Пташыц. — Я родам з Іванаўшчыны. Да сельскага жыцця не прывыкаць. У Чарнянах буду жыць на кватэры непадалёк ад школы. Тутэйшыя мясціны надзвычай маляўнічыя. Людзі добрыя, чулыя, спагадлівыя. Крыху перажываю за тое, якім буду класным кіраўніком у 7 класе. Мне, учарашняй студэнтцы, яшчэ трэба многаму навучыцца. Спадзяюся на падтрымку з боку вопытных настаўнікаў і дырэктара ўстановы Жанны Рабчынскай. У мяне шмат планаў, якія пачну рэалізоўваць у Чарнянскай сярэдняй школе.


Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.