×

У пачатку педагагічнага шляху

22.10.2019 12:23,

Усяго два месяцы Вераніка Аляксандраўна Глазава працуе настаўніцай англійскай і нямецкай мовы ў Дарапеевіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Маларыцкага раёна, але гэтага часу аказалася дастаткова для таго, каб зразумець, што з выбарам прафесіі дзяўчына не памылілася. Ва ўстанову адукацыі яна была размеркавана пасля заканчэння магістратуры БрДУ імя А.С.Пушкіна.


В.А.Глазава з дырэктарам Н.В.Бойка.

— Спачатку думала, што буду працаваць у Макранскай сярэдняй школе, але накіравалі ў іншую, — гаворыць Вераніка Аляксандраўна. — Ад роспачы нават расплакалася, хаця дагэтуль ні ў Макранах, ні ў Дарапеевічах не была. Да месца работы дабіралася на аўтобусе. Дарога здавалася неверагодна доўгай. Вакол толькі лес. Калі прыехала, мясцовыя жыхары з радасцю паказалі, куды ісці. І нават правялі. Школьны парог пераступала з асаблівым  хваляваннем. Але хутка супакоілася. Дырэктар Надзея Васільеўна Бойка сустрэла з усмешкай і запэўніла, што ў мяне ўсё атрымаецца. Пачутае падбадзёрыла, надало сіл. Пачаліся працоўныя будні.

Дзяўчына родам з Піншчыны. Вучылася ў Брэсцкім абласным ліцэі імя П.М.Машэрава, потым — на факультэце замежных моў БрДУ імя А.С.Пушкіна. Паступала ва ўніверсітэт усвядомлена. З будучай прафесіяй вызначылася яшчэ ў 8 класе. Да такога выбару падштурхнула любоў да дзяцей.

— Да паступлення ва ўніверсітэт старанна рыхтавалася сама, без рэпетытараў, — прызнаецца педагог. — Паставіла мэту стаць настаўніцай замежнай мовы. І дасягнула яе. Пра выбар жыццёвай сцежкі не шкадую.

На бытавыя ўмовы Вераніка Аляксандраўна не скардзіцца. СВК “Дарапеевічы” выдзеліла ёй пакой у доме насупраць школы. Дзяўчына жыве ў кватэры яшчэ з двума маладымі спецыялістамі сельгаспрадпрыемства. Цэнтр аграгарадка. Прыгожыя краявіды. Усё пакуль задавальняе. Толькі сумуе па бацьках.

— Першыя ўрокі незабыўныя і, напэўна, самыя шчаслівыя, — гаворыць В.А.Глазава. — Зусім па-новаму зірнула на сябе. Зразумела, што стала самастойнай і што мой лёс у маіх руках. Толькі ад мяне залежыць, якім стану спецыялістам. Для плённай працы створаны добрыя ўмовы. Ніякіх цяжкасцей не баюся. На кожным кроку адчуваю падтрымку калег.

Вядома, перад першымі заняткамі малады педагог моцна хвалявалася. Перажывала, як сустрэнуць і ўспрымуць вучні. Не ведала, як лепш паводзіць сябе, што і як гаварыць, сядзець ці стаяць падчас урока. Пытанняў было шмат. Знайсці адказы на іх дапамагла дырэктар. Цяпер настаўніца актыўна папаўняе метадычную скарбонку, займаецца самаадукацыяй, наведвае ўрокі вопытных калег.

— Быць педагогам — гэта прызванне, — лічыць Вераніка Аляксандраўна. — Ад работы атрымліваю радасць і задавальненне. Вучні павінны адчуваць, што іх любяць, бачаць у іх асобу. Часта ўспамінаю вядомае выказванне: у шчаслівага настаўніка і вучні шчаслівыя. Вельмі хачу гэтага і для маіх выхаванцаў.

— Малады настаўнік, нібы старанны вучань, — гаворыць Н.В.Бойка. — Вераніка Аляксандраўна добра ведае свой прадмет, умее зацікавіць ім дзяцей, захаваць дысцыпліну на ўроку. Калі ёсць шчырае жаданне працаваць, усё абавязкова атрымаецца.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.