×

У свеце інфарматыкі

09.01.2020 15:30,

Цікавым, займальным і пазнавальным атрымаўся тыдзень інфарматыкі, які прайшоў у сярэдняй школе № 1 Маларыты з удзелам вучняў 1—11 класаў. 

Тыдзень ладзіўся з мэтай павышэння цікавасці школьнікаў да вывучэння інфарматыкі і праграмавання, папулярызацыі інфармацыйных тэхналогій, пашырэння кругагляду, развіцця творчых здольнасцей і лагічнага мыслення. 

Тыдзень пачаўся з інфармацыйных гадзін “Падарожжа ў краіну Інфарматыка” (для першакласнікаў) і “Знаёмцеся, інфарматыка” (для другакласнікаў). У першы дзень адбылася экскурсія трэцякласнікаў у кабінет інфарматыкі, падчас якой яны азнаёміліся з будовай камп’ютара. Прафарыентацыйны тэст “Якая прафесія са свету ІТ вам падыходзіць?” дазволіў дзевяцікласнікам праверыць свае прафесійныя схільнасці.

Чацвёртакласнікі ўдзельнічалі ў майстар-класе, праведзеным фіналістам конкурсу “Праграмаванне ў асяроддзі Scratch” 2018 года Мікітам Мелешчуком і васьмікласнікам Трафімам Панасюком. Хлопцы запусцілі ўласную гульню “ЭкаКот” і далі карысныя парады па энергазберажэнні. Пад кіраўніцтвам старэйшых таварышаў малодшыя школьнікі стваралі свае гульні.

Пяцікласнікі наведалі ўрок “Лічбы”, падчас якога з дапамогай анлайн-трэнажора па праграмаванні стваралі лічбавыя коды. Васьмікласнікі ўдзельнічалі ў відэагульні Kahoot, дзе спаборнічалі ў веданні будовы камп’ютара, шасцікласнікі — у конкурсе малюнкаў “Мая малая радзіма”, сямікласнікі — у гульні-квесце “Час кода”, а старшакласнікі — у конкурсе “Найлепшы наборшчык тэксту”.  

Усе мерапрыемствы прадметнага тыдня прайшлі на высокім арганізацыйным узроўні і аказаліся надзвычай змястоўнымі і карыснымі. 

 

Аліна КРЭНЬ,
настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 1 Маларыты.