×

Удасканальваем вылічальныя навыкі вучняў

10.03.2020 11:50,

Матэматыка — адзін з апорных прадметаў, які ўзбройвае вучняў неабходнымі ведамі, уменнямі і навыкамі, што выкарыстоўваюцца пры вывучэнні іншых школьных дысцыплін. Здольнасць выконваць вусныя і пісьмовыя вылічэнні, рацыянальна арганізоўваць іх ход і пераконвацца ў правільнасці атрыманых вынікаў сведчыць пра наяўнасць вылічальнай культуры. Але з распаўсюджваннем камп’ютараў вусная вылічальная дзейнасць зводзіцца да мінімуму. У выніку зніжаецца культура вылічальных навыкаў, знікае патрэба ў іх авалоданні.

Вусныя практыкаванні — адзін з найбольш распаўсюджаных відаў дзейнасці на ўроках матэматыкі. Раней яны зводзіліся пераважна да вылічэнняў, таму за імі замацавалася назва “Вусны лік”. Веданне спрошчаных прыёмаў вылічэння застаецца неабходным нават пры поўнай механізацыі вылічальных працэсаў. Сістэматычнае правядзенне вусных практыкаванняў выклікае цікавасць да матэматыкі, дысцыплінуе вучняў, эканоміць час, развівае ўвагу, назіральнасць і кемлівасць, павышае культуру матэматычных вылічэнняў, аблягчае падрыхтоўку дзяцей да ўспрымання новага матэрыялу, забяспечвае яго засваенне і паўтарэнне. Менавіта вусны лік з’яўляецца ўмовай правядзення эфектыўнага ўрока матэматыкі, які дапамагае фарміраваць вылічальную культуру школьнікаў. Калі лічэнне праведзена добра і цікава, яны будуць матываваныя, актыўныя, паспяховыя, таму падбіраю розныя заданні, разлічаныя на слабых і моцных вучняў. Гэта стварае сітуацыю поспеху для кожнага з іх.

Прытрымліваюся шэрага метадычных правіл пры правядзенні вусных практыкаванняў. Па-першае, практыкаванні для вуснага ліку выбіраю не выпадкова, а мэтанакіравана. Па-другое, раблю заданні разнастайнымі, не вельмі лёгкімі і не грувасткімі. Па-трэцяе, тэксты практыкаванняў, чарцяжоў і запісаў рыхтую загадзя. Па-чацвёртае, да вуснага ліку прыцягваю ўсіх вучняў. Па-пятае, пры правядзенні вуснага ліку выкарыстоўваю крытэрыі ацэнкі (заахвочванне).

Дзякуючы вуснаму ліку дасягаюцца пастаўленыя мэты заняткаў, ажыццяўляецца самакантроль, узаемакантроль і кантроль настаўніка за ўзроўнем вучнёўскіх ведаў, праводзіцца аднаўленне і карэкціроўка пэўных ведаў, уменняў і навыкаў, неабходных для самастойнай дзейнасці, развіваюцца вылічальныя навыкі, матэматычная культура і маўленне, павышаецца пазнавальны інтарэс. Да выканання вусных практыкаванняў добра матывуюць матэматычныя, арыфметычныя і графічныя дыктоўкі, рэбусы, крыжаванкі, тэсты, кругавыя прыклады, ланцужкі вылічэнняў, гульні і інш.

Ланцужкі вылічэнняў

1. Якая рыба без лускі?

Шчупак — 4,3; налім — 3,5; сом — 2; карась — 3; акунь — 6,1.

2. Даведайцеся масу бабра (у кг).

3. З якой казкі словы “…а дарога далёкая, а кошык нялёгкі. Сесці б на пянёк, з’есці б піражок”?

“Тры мядзведзі” — 8; “Маша і мядзведзь” — 6; “Мядзведзь” — 7.

4. Якая жывёла бегае хутчэй за ўсіх?

Лось — 10; гепард — 4; заяц — 8.

Матэматычныя дыктоўкі

Настаўнік павольна чытае заданне за заданнем, а вучні на аркушах запісваюць адказы. Напрыклад, з дапамогай лікаў, якія гучаць у прыказках і прымаўках, складаюць дробы: “Лучше дважды спросить, чем один раз напутать”, “Лучше один раз увидеть, чем сто услышать”, “Семеро одного не ждут”, “Одна голова хорошо, а две лучше”, “Один воин тысячу водит”, “Двое пашут, а семеро руками машут”, “Три раза прости, а четвертый прихворости”, “Семь бед — один ответ”, “Одно сегодня лучше двух завтра”, “Руки поборют одного, а знание — тысячу”, “Дорогой — пять, а прямо — десять”, “Одно дерево срубишь — десять посади”, “У храбреца десять доблестей: одна отвага, девять ловкостей”, “Семь лет молчал, а на восьмой вскричал”.

Гульні

***

Клас дзеліцца на 2 каманды. Да дошкі выходзіць
адзін член каманды і адзін балельшчык, якім прапаноўваецца стварыць партрэт любімага казачнага героя з выкарыстаннем як мага большай колькасці геаметрычных фігур, матэматычных знакаў і лічбаў.

***

За 5 хвілін неабходна напісаць як мага больш матэматычных тэрмінаў, якія пачынаюцца на кожную з літар, што складаюць слова “матэматыка”.

***

На дошцы замацаваны карткі з лікамі 0,6; 1,3; 0,09; 2,9; 0,15; 2,007. Настаўнік выклікае вучня і просіць яго на працягу хвіліны назваць лікі ў парадку памяншэння. Наступны вучань павінен за хвіліну назваць лікі ў парадку ўзрастання.

“Маўчанка”

Выбіраецца пэўная геаметрычная фігура, у цэнтры і па контуры якой запісваюцца лікі. Каля ліку, запісанага ў цэнтры, ставіцца знак арыфметычнага дзеяння. Настаўнік паказвае на лік, запісаны па контуры, а вучні выконваюць пазначанае там дзеянне. Адзін з вучняў выходзіць і запісвае адказ. Астатнія падымаюць рукі, сігналізуючы, калі дапушчана памылка. Уся работа праводзіцца моўчкі.

“Лепшы лічыльнік”

Клас дзеліцца на 3 каманды. Кожная з іх выбірае лічыльніка, які будзе абараняць сваю каманду. Прыклады для яго задаюць члены іншых каманд да таго часу, пакуль ён не саб’ецца. Затым яго змяняе лічыльнік іншай каманды. Галоўная ўмова — адказваць на пытанні хутка. Падчас гульні выпрацоўваюцца хуткасць вылічэнняў, уважлівасць, здагадлівасць.

Займальныя задачы для вуснага ліку

***

Снежная каралева вельмі любіла марожанае. Яна з’ела тузін порцый да абеду, тузін пасля яго, паўтузіна на падвячорак і два тузіны на вячэру. Усяго 54 порцыі. Колькі порцый у тузіне? (12)

***

Бураціна скокнуў з верхняй прыступкі лесвіцы і, скачучы праз адну прыступку, даскакаў да ніжняй. Пры гэтым ён налічыў 10 скачкоў. Колькі прыступак на лесвіцы? (21)

***

Дзед Мазай убачыў на лясістым востраве зайцаў. За кожным дрэвам хавалася па зайцы, на кожным дрэве сядзелі па два зайцы, а палова ўсіх зайцаў сядзела на бервяне. Колькі дрэў расце на востраве, калі ўсяго там было 42 зайцы? (7)

***

Колькімі спосабамі можна разрэзаць шнурок ад бота даўжынёй 36 см на кавалкі па 3 см і 5 см? (2)

Магічныя і займальныя квадраты

***

Квадраты складаюцца з 9, 16 ці 25 клетак. У іх павінны быць запісаны такія лікі, сума якіх па ўсіх напрамках аднолькавая. У адным выпадку квадрат запоўнены і трэба праверыць, ці з’яўляецца ён магічным. У другім выпадку дадзены не ўсе лікі, пазначана сума і трэба запоўніць квадрат. 

***

Трэба расставіць лікі 2, 3, 4, 5, 6, 8 такім чынам, каб здабытак лікаў у кожным радку і ў кожным слупку быў роўны 120.

Выкарыстанне вусных практыкаванняў дазваляе вучням вызначаць сувязі паміж аб’ектамі і з’явамі, параўноўваць і абагульняць іх. Акрамя таго, выкананне такіх практыкаванняў добра развівае памяць, маўленне, увагу, здольнасць успрымаць сказанае на слых, хуткасць рэакцыі, гнуткасць мыслення. Дзеці вучацца кантраляваць свае разважанні.

Вусны лік на ўроках матэматыкі не толькі фарміруе трывалыя вылічальныя навыкі і ўменні, але і павышае цікавасць да царыцы навук.

Ірына ЯРАШЧУК,
настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 1 Жабінкі.