×

Універсітэт — гімназіі

15.10.2019 11:52,

Ужо 10 гадоў у нашай гімназіі працуе філіял кафедры тэорыі і практыкі германскіх моў факультэта славянскіх і германскіх моў БарДУ. Філіял кафедры ствараўся з мэтай удасканалення падрыхтоўкі спецыялістаў, павышэння якасці адукацыі студэнтаў, паглыблення іх тэарэтычнага і практычнага навучання.

Супрацоўніцтва з універсітэтам, якое прадугледжвае сумесную вучэбна-метадычную, арганізацыйную, навуковую і выхаваўчую работу, рэалізоўваецца ў інавацыйным праекце па ўкараненні мадэлі эфектыўнага кіравання гімназіяй у сучасных умовах.

Дзейнасць філіяла дапамагае ажыццяўляць прафесійнае самавызначэнне вучняў, фарміраваць іх актыўную жыццёвую пазіцыю, развіваць пазнавальную ціка­васць і пазнавальную актыўнасць, крэатыўнасць, а таксама здольнасці, неабходныя для прыняцця рашэнняў у нестандартных сітуацыях і для працоўнай мабільнасці. Гімназісты ўдзельнічаюць у канферэнцыях, чытаннях і конкурсах, якія праводзіць кафедра. Так, вучні задзейнічаны ў тыднях кафедры, спаборнічаюць са студэнтамі і вучнямі іншых філіялаў у алімпіядзе па граматыцы, інтэ­лектуальным квесце “Крышталёвы лабірынт” і конкурсе чытальнікаў “Прыга­жосць верша”, наведваюць адкрытыя заняткі навуковага гуртка “Лінгваакадэмія”. Акрамя таго, кафедра прапаноўвае вучэбна-матэрыяльную базу для вучэбных і вытворчых практык студэнтаў, якія вывучаюць англійскую мову ў якасці спецыяльнасці.

Настаўнікі і вучні гімназіі ўдзельнічалі ў навукова-адукацыйным форуме “Наватар-2019”, дзе выступілі з тэматычнымі дакладамі. У сваю чаргу выкладчыкі ўніверсітэта падзяліліся сваімі напрацоўкамі з педагогамі. Так, дацэнт кафедры тэорыі і практыкі германскіх моў кандыдат філалагічных навук В.В.Ляон правяла майстар-клас “Механіка сюжэтна-ролевай гульні жывога дзеяння ў навучанні замежнай мове”.

Надзвычай цікава праходзяць экскурсіі ў БарДУ. Студэнты адказваюць на пытанні пра вучобу, праводзяць па аўдыторыях, паказваюць спартыўную і трэнажорную залы, басейн, сталовую і інш. Вучні прысутнічаюць на рэпетыцыях у тэатры моды “Світа” і харэаграфічнай групе “Імпрэза”, удзельнічаюць у днях адкрытых дзвярэй, падчас якіх наведваюць інтэрактыўныя пляцоўкі, адкрытыя заняткі і майстар-класы.

Настаўнікі ўваходзяць у склад журы штогадовага конкурсу “Метадычны КВЗ” па выніках педагагічных практык студэнтаў. 

Вынікі і перспектывы супрацоўніцтва філіяла кафедры і кафедры абмяркоўваюцца на сумесных пасяджэннях. Адміністрацыя гімназіі і настаўнікі англійскай мовы ўдзячны за плённае ўзаемадзеянне дэкану факультэта славянскіх і германскіх моў БарДУ Н.М.Кругляковай, загадчыцы кафедры тэорыі і практыкі германскіх моў А.В.Булатай і кіраўніку філіяла ад яе В.В.Ляон.

Алена ДУДАРЭНКАВА,
настаўніца англійскай мовы кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” гімназіі № 4 Баранавіч.