×

Урокі сумлення і мужнасці

22.02.2019 10:23,

Ваенна-патрыятычнае выхаванне школьнікаў — адзін з важных кірункаў работы нашай установы адукацыі, які ўключае шэраг цікавых і карысных мерапрыемстваў. Сярод іх — тэматычныя тыдні.

Сёлетні тыдзень памяці юнага героя-антыфашыста пачаўся з урока мужнасці “Памяці загінулых дзеля жывых”. У рамках тыдня прайшлі тэматычныя інфармацыйныя і класныя гадзіны, акцыя “Ветэран жыве побач”, конкурс чытальнікаў “Дзеці суровай вайны”. На працягу тыдня дзейнічала кніжная выстаўка “Юныя героі”.

Настаўнікі вучаць дзяцей шанаваць звычаі і традыцыі свайго народа, захоўваць гістарычную памяць. Маральныя арыенціры засцерагаюць ад непаразуменняў, агрэсіі і канфліктаў.

У рамках мерапрыемстваў, прысвечаных 30-годдзю вываду савецкіх войскаў з Афганістана, адбылася сустрэча са старшынёй Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў А.А.Мурашкіным. У 1982 годзе ён маладым лейтэнантам быў накіраваны ў далёкую краіну, дзе два гады праслужыў намеснікам камандзіра роты размініравання па палітычнай частцы. Аляксандр Андрэевіч удзельнічаў у многіх спецаперацыях і баявых дзеяннях, за што быў узнагароджаны ордэнам “За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР” ІІІ ступені. Пасля вайны ў Афганістане А.А.Мурашкін служыў у адной з воінскіх часцей Брэста, узначальваў галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама.

Сустрэча не толькі пакінула прыемныя ўражанні, але і прымусіла задумацца над такімі важнымі якасцямі, як сумленнасць, мужнасць, ахвярнасць, працавітасць і міралюбства, якія вызначаюць паводзіны чалавека ў розных жыццёвых сітуацыях. Аляксандр Андрэевіч прайшоў цяжкія выпрабаванні, але не ачарсцвеў душой, не азлобіўся. Ён лічыць, што без намаганняў над сабой не зробіш добрых спраў.

Падпалкоўнік запасу А.А.Мурашкін падзяліўся ўспамінамі пра службу ў Афганістане, расказаў пра норавы і звычаі афганскага народа. Школьнікі задавалі пытанні, разглядалі фотаздымкі ваеннага жыцця, прывезеныя ім з паўднёвай краіны.

Мерапрыемства прайшло ў цёплай атмасферы. Вучні адчулі гонар за мужнасць і гераізм салдат, убачылі на прыкладзе А.А.Мурашкіна, як трэба любіць Радзіму.

У Відамлянскім Доме культуры быў паказаны дакументальны фільм пра Афганістан “Ад першай асобы”. Ваенныя кадры нікога не пакінулі раўнадушным.

Завяршыла тэматычны тыдзень выстаўка “Санаты памяці”, дзе вучні азнаёміліся з цікавымі кнігамі пра Афганістан.

Педагогі школы выхоўваюць у дзяцей любоў да Беларусі, малой радзімы, сваіх сем’яў і нацыянальнай культуры, а таксама важныя маральныя якасці, якія дазваляюць быць патрыётам і годным грамадзянінам. Вучні павінны ведаць і памятаць герояў сваёй краіны, ганарыцца яе гісторыяй.


Настасся ШЫДЛОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.