×

Важная і карысная справа

10.08.2019 15:36,

Сучасных падлеткаў даволі складана зацікавіць чым-небудзь, у тым ліку гісторыяй. Кожны настаўнік шукае свае прыёмы і метады, якія прыцягваюць увагу вучняў да прадмета, павышаюць цікавасць да яго. Гісторыя адкрывае шырокія магчымасці для гэтага.

Амаль 70 гадоў у сярэдняй школе № 2 Ляхавіч дзейнічае музей, дзе сабрана больш за 650 экспанатаў. Гэта вынік шматгадовай мэтанакіраванай працы педагогаў і дзяцей. Пачынальнікам музейнай і пошукава-даследчай дзейнасці быў адзін з дырэктараў установы настаўнік гісторыі Уладзімір Скалабан, дзякуючы якому ўзнік школьны атрад “Чырвоныя следапыты”. Яго справу прадоўжыла настаўніца гісторыі Вольга Альшакова. 

Экспазіцыя школьнага музея працоўнай і баявой славы папаўняецца новымі матэрыяламі, пошукавы атрад “Следапыты” займаецца даследчай дзейнасцю. Музей стаў цэнтрам распаўсю­джвання гісторыка-краязнаўчых ведаў. Асветніцкая работа ажыццяўляецца праз аглядавыя (“Памятныя месцы Ляхавіччыны”, “Нашы знакамітыя землякі”, “Наша школьнае жыццё”), тэматычныя (“Уладзімір Рыгоравіч Скалабан”, “Гісторыя ў лічбах і фактах”, “Ляхавіччына ў гады Вялікай Айчыннай вайны”) і выязныя (“Грушаўка — радзіма Тадэвуша Рэйтана”) экскурсіі, музейныя мера­прыемствы (тэматычныя вечары (“Афганістан жыве ў маім лёсе”, “Дзякуй вам, салдаты Перамогі за тое, што не ведаем вайны”), этнаграфічныя святы (“Гуканне вясны”, “Ехала Каляда”), сустрэчы з цікавымі людзьмі, круглыя сталы для старшакласнікаў (“Перамога адна на ўсіх”, “Патрыятызм у Вялікай Айчыннай вайне”, “Афганскі канфлікт: як гэта было”), літаратурныя гасцёўні, выступленні ў сродках масавай інфармацыі, музейныя адукацыйныя праграмы (музейныя ўрокі па гісторыі Беларусі (“Наш край”, “Першабытнае грамадства на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна”, “Сялянскае жыццё ў XX стагоддзі”, “Культурна-гістарычныя помнікі Ляхавіччыны”, “Нашы знакамітыя землякі”), тэматычныя заняткі па Вялікай Айчыннай вайне, лекцыі для вучняў і даследчую дзейнасць.

У 2018/2019 навучальным годзе школьнікі падрыхтавалі даследчыя работы “Спадчына Беларусі”, “Сучаснае развіццё рамёстваў на Ляхавіччыне” і “Як з’явілася Флар’янава”. У рамках рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” створаны відэафільм-экскурсія “Грушаўка — повязь часоў”, падрыхтаваны прэзентацыі “Помнікі Ляхавіччыны” і “Славутыя землякі”. Вучні — актыўныя ўдзельнікі конкурсаў юных экскурсаводаў і фотаработ “Зямля пад белымі крыламі”, “Імгненні турыстычнага сезона” і “Любім Беларусь, ганарымся Беларуссю, падарожнічаем па Беларусі”, адкрытага праекта “Віртуальная замалёўка”, конкурсу камп’ютарных распрацовак патрыятычнай накіраванасці “Патриот.by”, гульні “Зямля ляхавіцкая, зямля непаўторная”, рэспубліканскай акцыі “Пішам кнігу разам. Якой мы хочам бачыць нашу Беларусь праз 10 гадоў?” і інш. Музейную дзейнасць каардынуе савет музея з ліку настаўнікаў, вучняў, бацькоў, ветэранаў працы і вайны.

Адзін з найбольш цікавых напрамкаў работы школьнага музея —  пошукавая дзейнасць атрада “Следапыты”. Вясной на электронны адрас нашай установы прыйшло пісьмо ад А.М.Папова з расійскага Новасібірска: “Добры дзень, паважаныя настаўнікі і вучні школы! Мой баць­ка Міхаіл Абрамавіч Папоў, ураджэнец сібірскай вёскі Лобіна, быў адным з тых, хто летам 1944 года ўдзельнічаў у вызваленні Беларусі, у тым ліку Ляхавіцкага раёна. У складзе 48-й гвардзей­скай дывізіі І Беларускага фронту ён з баямі прайшоў да Заходняга Буга. Баць­ка расказваў, што баі былі вельмі жорсткія. Фарсіраваць рэкі Арэсу і Лань даводзілася пад прыцэльным агнём гітлераўцаў. Асабліва супраціўляліся фашысты на Шчары…”

Атрадаўцы не адразу зразумелі, чаму пісьмо прыйшло менавіта ў нашу школу. Але потым усё стала ясна. А.М.Папоў выпадкова знайшоў у сямейным архіве перапіску бацькі, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, і атрада “Чырвоныя следапыты” з сярэдняй школы № 2 Ляхавіч. Пажоўклыя аркушы датуюцца 1987 годам: “…Піша вам ветэран 48-й гвар­дзейскай чырванасцяжнай, ордэнаў Суворава і Кутузава дывізіі. Дзякуй за пісьмо і віншаванні. Пра сябе: нарадзіўся ў 1923 годзе. У 1942 годзе быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Баявы шлях пачаў пад Бранскам, вызваляў Крывы Рог, удзельнічаў у знакамітай ваеннай аперацыі “Баграціён”, за што атрымаў па­дзякі Вярхоўнага галоўнакамандуючага “За прарыў абароны пад Бабруйскам”, “За вызваленне Брэста”. За разгром фашыстаў пад Баранавічамі ордэнам Чыр­вонага Сцяга ўзнагаро­джаны родны 143-і гвардзейскі стралковы полк, дзе я быў наводчыкам гарматы — падтрымліваў  пяхоту агнём…”

У пасляваенны час М.А.Папоў спраўдзіў дзіцячую мару: стаў настаўнікам. Вучыў дзяцей у адным з сібірскіх гарадкоў. А.М.Папоў паведаміў, што бацька добра валодаў слясарнай і такарнай справай, вёў розныя гурткі, прыгожа маляваў і часта расказваў пра ваенны час.

Атрадаўцы падрыхтавалі пісьмо-адказ, дзе падзякавалі за каштоўную інфармацыю пра ветэрана, які вызваляў наш родны край ад фашысцкіх акупантаў. Прыемна, што на гэтым перапіска не скончылася і працягваецца да гэтага часу, дапамагаючы атрымліваць новую цікавую інфармацыю, займацца любімай справай. Сённяшнія школьнікі шукаюць усіх удзельнікаў перапіскі 1987 года, якую вялі “чырвоныя следапыты”. Гэта фарміруе цікавасць да вывучэння гісторыі радзімы і сваёй сям’і.

Вясной у музеі пабывалі члены ветэранскіх арганізацый Ляхавіччыны. Яны перадалі яму рэчы (лыжку з надпісам, нож, кулю, ключ) невядомага салдата, які загінуў у адным з баёў каля вёскі Мазуркі. Атрадаўцы пачалі пошукавую работу па ўстанаўленні імя воіна.

— Адна справа — вучыць гісторыю па кнізе і зусім іншая — самому збіраць матэрыял. Калі перабіраеш франтавыя пісьмы, уяўляеш той страшны і гераічны час, бачыш твары тых, хто набліжаў Перамогу, — лічыць выпускніца школы Дзіяна Юрчык, актыўная ўдзельніца атрада “Следапыты”.

— Хто не шануе гісторыю — не мае будучыні. Гэта не проста звычайныя словы, а заклік да дзейнасці, — пагаджаецца з сяброўкай Кацярына Рахманец.

Школьнікі выдатна разумеюць, што музей выхоўвае павагу да мінулых пакаленняў, сваіх землякоў, беражлівыя адносіны да культурнай і прыроднай спадчыны роднага краю.

Віталь ТОЛКАЧ,
настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 2 Ляхавіч.