×

Важная справа

13.02.2020 14:32,

Якасць навучання і выхавання дзяцей залежыць ад прафесійнай падрыхтоўкі педагогаў, якая павінна пастаянна ўдасканальвацца, у тым ліку за кошт самаадукацыі — натуральнай патрэбы творчых і адказных работнікаў сістэмы адукацыі. З мэтай пашырэння ведаў выхавальнікаў пра нацыянальную культуру, народную спадчыну і беларускія традыцыі педкалектыў нашай дашкольнай установы цесна супрацоўнічае з Ганцавіцкім раённым домам рамёстваў. Яго творчыя супрацоўнікі на чале з дырэктарам А.В.Занька арганізоўваюць для педагогаў і дзяцей цікавыя і пазнавальныя мерапрыемствы, якія з’яўляюцца багатай крыніцай ведаў пра наш народ, традыцыі, вядомых землякоў і малую радзіму.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца падтрымцы і папулярызацыі роднай мовы. Гэта звязана з тым, што маўленчае развіццё дашкольнікаў адбываецца ў спецыфічнай сацыялінгвістычнай сітуацыі руска-беларускага блізкароднаснага двухмоўя (білінгвізму). Для большасці гарадскіх дзяцей першай мовай, на якой яны вучацца гаварыць і думаць, наладжваць зносіны з іншымі людзьмі, з’яўляецца руская, а беларуская адыходзіць на другі план, хаця ўсведамляецца грамадствам як родная. І нацыянальна-культурную сацыялізацыю дзяцей можна ажыццяўляць толькі на ёй.

Для многіх сельскіх дзяцей першай мовай з’яўляецца беларуская. Праўда, вельмі часта яна не чыстая, а змяшаная з рускай і дыялектнай (трасянка). Пазней гэтыя дзеці знаёмяцца ў дашкольнай установе з рускай мовай, але іх маўленне часцей за ўсё цяжка аднесці да пэўнай моўнай сістэмы. Генетычная і псіхалагічная (у плане эмацыянальнага стаўлення да мовы) блізкасць рускай і беларускай моў, асаблівасці білінгвізму патрабуюць спецыфічных падыходаў да развіцця рускага і беларускага маўлення дашкольнікаў.

Асаблівай увагі патрабуе навучанне дзяцей з рускамоўных сем’яў беларускай мове як другой роднай. З мэтай навучання дзяцей беларускай мове ва ўмовах білінгвальнай адукацыі ў нашай установе праходзяць беларускамоўныя дні. Кожны чацвер выхавальнікі праводзяць гульнявыя заняткі па развіцці беларускага маўлення, на якіх дзеці вучацца называць прадметы па-беларуску, перакладаюць і завучваюць невялікія тэксты. Акрамя заняткаў, ёсць іншыя цікавыя формы работы. Сярод іх — мастацка-моўная дзейнасць з выкарыстаннем твораў беларускай дзіцячай літаратуры: чытанне казак, вершаў, завучванне пацешак і інш. Музычныя кіраўнікі Наталля Міхайлаўна Кляўчэня і Ніна Іванаўна Жыгун штогод праводзяць беларускія народныя святы: “Калядкі”, “Багач”, “Восеньскі кірмаш”, “Купалле”, “Гуканне вясны”, “Вялікдзень” і інш. Супрацоўнікі Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў паказваюць майстар-класы па іх арганізацыі. Яны заўсёды праходзяць надзвычай весела і цікава. Усе пераносяцца ў атмасферу народных традыцый: шмат спяваюць, танцуюць, праводзяць гульні і нават варожаць. Штораз таленавіты калектыў дома рамёстваў уражвае нас самабытнасцю і арыгінальнасцю. Разам з педагогамі ён займаецца важнай справай — захаваннем народнай культуры і роднай мовы.

Людміла ГАРАГЛЯД,
загадчыца ясляў-сада № 4 Ганцавіч.