×

Ведаць, любіць, шанаваць!..

25.02.2020 16:27,

Пад такім дэвізам з 17 па 22 лютага 2020 г. прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў Малькавіцкай сярэдняй школе Ганцавіцкага раёна.Вучні сталі ўдзельнікамі мерапрыемстваў (лінгвістычных спаборніцтваў, віктарын, конкурсаў), якія садзейнічалі паглыбленню і абагульненню ведаў, атрыманых на ўроках мовы, літаратуры, гісторыі і геаграфіі, выхоўвалі павагу да беларускай літаратурнай і культурнай спадчыны,  нацыянальных традыцый.

Адкрыццём тыдня стала наведванне выстаў “Час чытаць на роднаймове”, “Ганцаўшчына літаратурная”, “З любоўю да роднага слова”і інш. Кожны наступны дзень быў насычаны мерапрыемствамі. Цікава прайшлі ў 8 класе інтэлектуальна-пазнавальная гульня  “Я ведаю…”, гульня-віктарына ў 5 класе “Пагуляем у роднае слова”, літаратурны рынг у 9 класе. Усім вучням хацелася паказаць добрыя веды і выказаць любоў да роднай мовы.

У дзень роднай мовы, які штогод праводзіцца 21 лютага, вучні і педагогі сталі ўдзельнікамі акцыі “Размаўляй па-беларуску”. Сямікласнікі запрасілі малодшых школьнікаў на конкурс “З родным словам круглы год”. А вучаніца 10 класа Лізавета Бабрыковіч прыняла ўдзел у раённым конкурсе паэтычнай творчасці, які быў прысвечаны малой радзіме, з уласна складзеным вершам “Маёй вёсцы”.

Па завяршэнні тыдня былі падведзены вынікі. Самыя актыўныя вучні атрымалі ўзнагароды.

Алена ЛАГВІНОВІЧ,
 настаўніца беларускай мовы і літаратуры Малькавіцкай сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна.