×

Вуснамі сведкаў вайны

05.08.2019 12:03,

З кожным годам застаецца ўсё менш удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Многія з іх па стане здароўя ўжо не могуць сустракацца са школьнікамі. Але ўспаміны большасці ветэранаў запісаны. Гэта важны сродак патрыятычнага выхавання моладзі. Цікавасць выклікаюць і ўспаміны малалетніх сведкаў ваеннага ліхалецця, якія таксама трэба паспець запісаць. Многія дзеці вайны разам з дарослымі працавалі ў тыле і на прымусовых работах у Германіі, выконвалі даручэнні партызан. Сёння яны з задавальненнем дзеляцца дакументальнымі матэрыяламі.

З мэтай фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі вучняў быў распрацаваны сацыяльны праект “Юныя сведкі вайны: гісторыя ад першай асобы”, які рэалізоўваюць ліцэй Жабінкі і Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей пры падтрымцы клуба “Суразмоўнік” і раённай газеты “Сельская праўда”. З дапамогай жыхароў Жабінкаўшчыны ўдзельнікі праекта збіраюць матэрыялы пра сваіх родных, блізкіх і суседзяў. Вынікамі праекта павінны стаць фотаальбом, новыя музейныя экспанаты і даследчая работа на аснове сабраных успамінаў.

У рамках праекта адбыліся турыстычна-краязнаўчыя экспедыцыі, паходы і экскурсіі па розных мясцінах і музеях, сустрэчы з сувязнымі партызанскіх атрадаў, вязнямі і сведкамі акупацыйнага рэжыму і карных распраў фашыстаў над жыхарамі вёсак. Атрыманыя матэрыялы былі ўключаны ў альбом памяці, у якім кожнае запісанае інтэрв’ю суправа­джаецца фотаілюстрацыямі даваеннага і ваеннага часу.

Ліцэісты сабралі ўспаміны каля 50 сведкаў вайны, на аснове якіх напісалі даследчую работу пра гісторыю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, жыццё пры акупацыі, у тыле і нямецкім рабстве. Гэтая работа дапоўніла кнігу “Памяць”, прысвечаную Жабінкаўшчыне. Назапашаныя матэрыялы можна выкарыстоўваць пры вывучэнні тэмы “Наш край у гады вайны” на ўроках гісторыі Беларусі ў 10 класе, а таксама падчас класных і інфармацыйных га­дзін, выхаваўчых мерапрыемстваў.

Праект дазволіў цікава і з карысцю арганізаваць вольны час падлеткаў, у тым ліку ў шосты школьны дзень. Вучні ахвотна ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы падпраектаў “Мая сям’я ў гісторыі краіны”, “Мае родныя — сведкі і ўдзельнікі вайны”, “Гісторыя маёй сям’і ў фотаздымках”. Дзякуючы праекту, актывізаваўся валанцёрскі рух.

Сабраныя матэрыялы прэзентаваліся на розных конкурсах, канферэнцыях і фестывалях. Асабістыя ўзнагароды, дакументы і рэчы былі перададзены ў музей, дзе арганізаваны тэматычныя выставы.

Улічваючы высокую актыўнасць вучняў і жыхароў Жабінкаўшчыны ў рэалізацыі праекта, яго вялікі выхаваўчы патэнцыял, было вырашана прадоўжыць даследчую работу ў гэтым кірунку.

Эліна ЧАРНЕЦКАЯ,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства ліцэя Жабінкі.