×

Вясёлая англійская мова

19.12.2019 11:38,

Ужо 4 гады выхаванцы нашага ясляў-сада паспяхова вывучаюць англійскую мову, развіваюць іншамоўныя лінгвістычныя і камунікатыўныя здольнасці.

Дашкольнікі надзвычай успрымальныя да авалодання мовамі. З вялікай цікавасцю дзеці знаёмяцца з іншамоўным маўленнем, лёгка запаміна­юць моўны матэрыял, імкнуцца яго ўзнавіць. Паколькі дашкольнікі валодаюць меншым слоўнікавым запасам роднай мовы, то, знаёмячыся з замежнай мовай, не адчуваюць сур’ёзнага моўнага бар’ера.

Спачатку ў вывучэнні англійскай мовы былі зацікаўлены пераважна бацькі, але пасля першых заняткаў дзеці, даведаўшыся шмат новага і займальнага, праявілі вялікую цікавасць да замежнай мовы. 

Педагогі знаёмяць дашкольнікаў з асновамі размоўнай лексікі англійскай мовы. Слоўнікавы запас па асноўных тэмах абагачаецца падчас пытанняў/адказаў, харавой дэкламацыі. Дзеці праслухоўваюць і развучваюць рыфмаванкі, песні і вершы, лічылкі, пальчыкавыя гульні.

Іншамоўны матэрыял засвойваецца ў гульнявой форме. Шматлікія дыдактычныя (“Рэха”, “Што знікла”, “Магазін цацак”, “Тэлефон”), развіццёвыя (“Хто хутчэй”, “Хто больш ведае”, “Хованкі”), настольна-друкаваныя (пазлы, даміно) і ролевыя (“Ва ўрача”, “У магазіне”, “Чаяпіцце”) гульні дазваляюць дзецям цалкам авало­даць асновамі англійскай мовы. Трэба адзначыць, што падчас вучэбна-гульнявой дзейнасці дашкольнікі параўноўваюць іншамоўную і родную культуру.

Высокая эмацыянальная адчувальнасць дзяцей, іх хуткая рэакцыя і вобразнае мысленне дапамагаюць эфектыўнаму авалоданню нормамі англійскай мовы. Педагогі выкарыстоўваюць у рабоце яркія, цікавыя і захапляльныя формы вучэбна-гульнявой дзейнасці, якія доўга ўтрымліваюць увагу выхаванцаў. Так, хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем спасцігаюць свет англійскай мовы падчас лепкі, малявання, танцаў пад дзіцячыя песні.

На занятках дашкольнікі не толькі развіваюць маўленчыя навыкі, але і набываюць першасныя навыкі эфектыўнай камунікацыі, авалодваюць уменнем слухаць і разумець іншую мову, адказваць на пытанні і выказваць свае думкі, пачуцці і ўражанні з дапамогай маўленчых сродкаў.  

Таццяна ХВЯСЬКО,
выхавальніца ясляў-сада № 7 Баранавіч.