×

Выхоўваем працай

23.05.2019 12:01,

Галоўная задача працоўнага выхавання заключаецца ў фарміраванні правільных адносін да працы з улікам узроставых асаблівасцей дзяцей. Праца павінна пастаянна прысутнічаць у іх жыцці і дапамагаць у паспяховым і ўсебаковым развіцці. Задача дарослых — стварыць умовы, каб дзеці зацікавіліся працоўнай дзейнасцю і з задавальненнем займаліся ёй.

На аснове запытаў бацькоў і з улікам актуальнасці пытання педагогі ясляў-сада № 3 Ляхавіч фарміруюць пазнавальную актыўнасц­ь выхаванцаў з дапамогай працоўнай дзейнасці. Асаблівую ўвагу ўдзяляюць удасканаленню прадметна-развіццёвага асяроддзя ў групах. Так, пры падборы гульнявога абсталявання ўлічваюцца ўзрост і змест работы дзяцей кожнай групы. У фарміраванні куткоў працоўнага выхавання актыўна ўдзельнічаюць бацькі. Сабраныя матэрыялы размяшчаюцца на адкрытых паліцах і стэлажах, да якіх дзеці маюць свабодны доступ. Гэта дапамагае арганіза­ваць свабодную працоўную дзейнасць.

Выхавальнікі малодшых груп Г.Ю.Старасціна, В.К.Шаўлякова і Н.А.Мішкевіч выхоўваюць у дзяцей самастойнасць, вучаць іх навыкам самаабслугоўвання. Малышы штодзень выконваюць элементарныя працоўныя дзеянні: паставіць крэселка на месца, закатаць рукавы, зашпіліць гузікі, правільна трымаць лыжку і г.д. Самаабслугоўванне для маленькіх дзяцей уяўляе значную цяжкасць, бо патрабуе пэўных намаганняў і засяроджанасці. Пры навучанні выхавальнікі паказва­юць малышам механізм і паслядоўнасц­ь выканання дзеянняў, звяртаюцца да мастацкага слова.

Выхавальнікі малодшых груп Н.Ю.Бародзіч, Т.А.Станчык і М.М.Салагуб актыўна ўключаюць у адукацыйны працэс гульнявыя сітуа­цыі (“Апранаем ляльку на прагулку”, “Запрашаем гасцей”, “Купаем ляльку”), якія абапіраюцца паказ дзеянняў. Педагогі абавязкова хваляць дзяцей, якія спрабуюць самастойна справіцца з апрананнаем, мыццём і г.д. Паступова авалодваючы спосабамі дзеянняў, малышы дасягаюць вынікаў у элементарнай дзейнасці (павесіць ручнік на кручок, зашпіліць гузік, надзець калготкі і інш.). Дзякуючы гэтаму, дзеці становяцца больш самастойнымі, цікаўнымі і ініцыятыўнымі.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца працы ў прыродзе, якая пашырае ўяўленні дзяцей пра яе. Так, яны атрымліваюць новыя веды пра глебу, пасадачны матэрыял, працоўныя працэсы, прылады працы. Выхавальнікі прыцягваюць дзяцей да паліву пакаёвых раслін і выцірання пылу з вялікіх лісцяў, арганізоўваюць назіранні за жывёламі і раслінамі.

У сярэдніх групах педагогі замацоўваюць атрыманыя навыкі і фарміруюць у дзяцей больш складаныя навыкі сама­абслугоўвання: вучаць аказваць узаемадапамогу, ацэньваць свае дасягненні ў апрананні, прыёме ежы і інш. Выхаванцы старэйшага ўзросту ўжо больш умеюць і ведаюць. Яны самастойна апранаюцца, але педагогі прывучаюць іх рабіць гэта акуратна і хутка, сачыць за сваім знешнім выглядам і прычоскай, беражліва ставіцца да рэчаў, не пэцкаць вопратку, акуратна складаць яе і г.д.

Дашкольнікі паспяхова засвойва­юць і гаспадарча-бытавую працу, якая заключаецца ва ўборцы памяшканняў, дзяжурстве ў сталовай, мыцці цацачнага посуду, бялізны, рамонце кніг, цацак і інш. Пры арганізацыі такой працы выхавальнікі вучаць дзяцей выкарыстоўваць па прызначэнні прадметы-памочнікі (палівачкі, вёдры, шуфлікі, венікі, анучкі і інш.). Паступова дзеці набываюць самастойнасць і ў гэтай працы, для фарміравання навыкаў якой выхавальнікі паказваюць, тлумачаць і абмяркоўваюць працэс работы і яе вынікі, вучаць пэўным спосабам выканання працоўных аперацый і ацэньванню іх. Праца на ўчастку таксама ўключае навядзенне парадку. Дзеці з вялікай ахвотай падмятаюць веранды, прыбіраюць лісце, збіраюць каменьчыкі, чысцяць дарожкі ад снегу.

Выхавальнікі знаёмяць дашкольнікаў з работай дарослых, фарміру­юць у дзяцей уяўленне пра грамадскую значнасць працы. Для гэтага выкарыстоўваюць розныя сродкі. Так, маляўніча аформленыя альбомы “Усе работы добрыя” і “Прафесіі нашых мам і татаў” знаёмяць з рознымі прафесіямі, дыдактычныя гульні “Знайдзі пару”, “Гуляем у прафесіі” і “Каму што трэба для работы” замацоўваюць веды дзяцей пра інструменты, неабходныя ў працоўнай дзейнасці. З дапамогай выставы фотаздымкаў “Давайце пазнаёмімся” фарміруюцца станоўчыя адносіны і цікавасць да працы бацькоў. Аповеды аб прафесіях, гутаркі, чытанне мастацкай літаратуры, назіранні за працай дарослых, экскурсіі на прадпрыемствы, дзе працуюць мамы і таты, істотна пашыраюць веды дзяцей.

У сваёй рабоце выхавальнікі актыўна выкарыстоўва­юць сюжэтна-ролевыя гульні, дзе дашкольнікі спрабуюць сябе ў якасці цырульнікаў, прадаўцоў, вадзіцеляў, ратавальнікаў і інш. Выконваючы ролю дарослых, дзеці замацоўваюць пэўныя працоўныя ўменні і дзеянні, звязаныя з рознымі  прафесіямі.

Пры арганізацыі дзяжурстваў у старшай групе ў дзяцей фарміруюцца адказнасць за даручаную справу, імкненне працаваць на карысць калектыву. Выхаваць гэтыя важныя якасці можна толькі пры сістэматычнай працоўнай дзейнасці. Дзеці рэгулярна дзяжураць па сталовай, рыхтуюць матэрыялы да заняткаў, сочаць за раслінамі ў кутку прыроды.

З мэтай павышэння якасці адукацыйнага працэсу ў гэтым напрамку работы творчая група педагогаў распрацавала перспектыўнае планаванне па арганізацыі працоўнай дзейнасці, склала канспекты экскурсій па азнаямленні з працай дарослых для старэйшых дашкольнікаў, падабрала адпаведныя дыдактычныя гульні.

Дасягнуць добрых вынікаў у працоўным выхаванні немагчыма без удзелу бацькоў. З іх дапамогай выраблены насілкі, рыдлёўкі і венікі, пашыты фартушкі для працоўнай дзейнасці, набыты атрыбуты для сюжэтна-ролевых гульняў “Цырульня”, “Бальніца”, “Супермаркет” і інш. Арганізаваны сумесныя творчыя выставы дзяцей і бацькоў “Кармушка для птушак” і “Чакаем шпакоў”, аформлены фотавыставы з жыцця груп “Працуем разам з мамай і татам”. У баць­коўскіх кутках размешчаны рэкамендацыі і памяткі адпаведнай тэматыкі.

Нашы выхаванцы праяўляюць жывую цікавасць да любых відаў працы. За даручэнні бяруцца з ахвотай, даво­дзяць пачатую справу да канца, уме­юць працаваць разам. Значыць, педагогі стараліся недарэмна.

Алена ГАРДЗЕЙЧЫК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 3 Ляхавіч.