×

Выхоўваем юных патрыётаў змалку

12.03.2020 11:47,

У сваёй рабоце ўдзяляю вялікую ўвагу грамадзянска-патрыятычнаму і духоўна-маральнаму выхаванню дзяцей праз іх актыўнае далучэнне да гісторыі малой радзімы, яе прыроды і традыцый.

Спачатку праводжу дыягностыку, каб выявіць рэальныя веды дашкольнікаў пра родны край і вызначыць далейшую дзейнасць, якая павінна быць комплекснай і паслядоўнай. Будую работу па прынцыпе “ад блізкага да далёкага”: паступова падводжу дзяцей да разумення, што, акрамя малой радзімы, у іх ёсць і вялікая. Мая задача — адабраць найбольш цікавыя і даступныя факты, у яркай і вобразнай форме данесці іх да выхаванцаў, каб зацікавіць і выклікаць у іх станоўчыя ўражанні. З гэтай мэтай ствараю развіццёвае прадметна-прасторавае асяроддзе, наладжваю цеснае ўзаемадзеянне з сем’ямі і соцыумам.

 У групе дзейнічае куток па патрыятычным выхаванні, які пастаянна папаўняецца неабходнай інфармацыяй. Вялікую дапамогу ў зборы і прапагандзе краязнаўчых матэрыялаў аказваюць бацькі. Мамы і таты — актыўныя памочнікі ў арганізацыі мерапрыемстваў.

 Папярэдняе анкетаванне паказала, што бацькі не лічылі грамадзянска-патрыятычнае выхаванне дзяцей першачарговай задачай. З мэтай павышэння педагагічнай кампетэнтнасці мам і татаў у гэтым пытанні былі праведзены гутаркі “Роля сям’і ў выхаванні патрыятычных пачуццяў дашкольнікаў” і “Як выхаваць маленькага патрыёта?”, кансультацыі “Герб сям’і”, “Выхаванне любові да Радзімы ў дашкольным узросце”, “Сям’я і грамадзянскае выхаванне”, “Маральнае фарміраванне асобы ўнутры сям’і”, “Азбука патрыятызму” і “Маральна-патрыятычнае выхаванне дзіцяці ў сям’і”, падрыхтавана памятка “Як навучыць дзіця любіць малую радзіму?”, праведзены круглы стол “Выхаванне ў дзіцяці любові да малой радзімы”. 

У сваёй дзейнасці выкарыстоўваю розныя формы работы (выставы дзіцячых работ, дыдактычныя і сюжэтна-ролевыя гульні, конкурсы, экскурсіі, гутаркі, віктарыны і інш.), аб’яднаныя па тэмах “Я і мая сям’я”, “Дзіцячы сад” і “Родны горад. Родная прырода”. Матэрыялы ў патрыятычным кутку мяняюцца ў адпаведнасці з тэмамі, якія вывучаюцца.

Зносіны з дарослымі — важная крыніца ведаў дзяцей пра сябе. Менавіта ў сям’і яны пачынаюць усведамляць сябе часткай чалавечай супольнасці. У сям’і фарміруюцца любоў да родных, павага да сямейных традыцый. Сацыяльны вопыт, атрыманы там, адыгрывае важную ролю ў асобасным станаўленні дзяцей. Таму праводжу этычныя гутаркі пра сям’ю і родных, арганізоўваю сумесныя святы. Выхаванцы складаюць апавяданні пра бацькоў і сямейны адпачынак, рыхтуюць падарункі для блізкіх, малююць на тэмы “Мая мама”, “Дом маёй бабулі”, “Як мы адпачылі” і “Мая сям’я”.

Прапаноўваю дзецям сюжэтна-ролевыя гульні (“Сям’я”, “Памочнікі”, “Экскурсіі па горадзе”) з выкарыстаннем ілюстрацыйнага матэрыялу. Дзякуючы сюжэтна-ролевым гульням “Мой дзень нараджэння” і “У госці да бабулі”, выхаванцы замацоўваюць вопыт паводзін у сям’і, а праз дыдактычныя гульні “Што робіць мама?”, “Каму гэта трэба?” і “А што ў вас?” набываюць веды пра прафесіі і сямейныя адносіны, выказваюць пачуцці да родных.

Тэматычны раздзел “Дзіцячы сад” рэалізоўваецца з дапамогай гульняў, экскурсій, прагулак і заняткаў, падчас якіх выхаванцы вучацца арыентавацца на тэрыторыі і ў будынку дашкольнай установы, далучаюцца да агульнасадаўскіх мерапрыемстваў, засвойваюць правілы дарожнага руху і бяспечных паводзін, знаёмяцца з тэлефоннымі нумарамі экстранных службаў і інш. Дзякуючы сістэмным тэматычным мерапрыемствам, у дашкольнікаў фарміруюцца ціка­васць да дзіцячага сада і беражлівыя адносіны да гульнявых пабудоў (“Восень на ўчастку дзіцячага сада”, “Наш дзіцячы сад”, “Мае любімыя цацкі ў дзіцячым садзе”, “Мая любімая гульнявая пляцоўка”, “Будаўніцтва дзіцячага сада”).

Да рэалізацыі тэматычнага раздзела “Родны горад. Родная прырода” далучаюцца бацькі. Разам з імі дзеці гуляюць па вуліцах, вывучаюць цікавыя мясціны.

Знаёмлю дашкольнікаў з гісторыяй, традыцыямі і славутасцямі роднага горада, вядомымі землякамі праз розныя віды дзейнасці (“Знаёмства з гербам Ляхавіч”, “Экскурсія па родным горадзе”, “Знаёмства з гісторыяй заснавання Ляхавіч”). Дакладна прадумваю, што мэтазгодна расказаць і паказаць дзецям, акцэнтую ўвагу на адметнасцях, уласцівых менавіта нашай мясцовасці. Падбіраю інфармацыю пра таленавітых умельцаў краю, паказваю мужчынскае і жаночае адзенне з нацыянальнай вышыўкай, вырабы народнага прыкладнога мастацтва, у якіх адлюстраваны прыродныя, гістарычна-культурныя і этнаграфічныя асаблівасці. У даступнай форме знаёмлю з тэхналогіямі мастацкай рамесніцкай дзейнасці.

Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, якое ажыццяўляецца змалку, дапамагае паспяховай ранняй сацыялізацыі дзяцей, фарміраванню ўстойлівай сувязі пакаленняў, усвядомленых і адказных адносін да малой радзімы.

Ларыса ЛОЙКА,
выхавальніца ясляў-сада № 3 Ляхавіч.