×

Вывучаем нямецкую мову пад… рэп

01.02.2020 11:19,

У вашай школе ёсць тэатральны калектыў, які ажыццяўляе пастаноўкі на нямецкай мове? Калі не, самы час пра гэта падумаць. Сёння пры сусветным панаванні англійскай мовы нам, настаўнікам нямецкай, бывае няпроста захаваць цікавасць школьнікаў да свайго прадмета, павысіць матывацыю да яго вывучэння. На дапамогу прыходзяць розныя метады і прыёмы. Сярод іх — тэатралізаваная дзейнасць, якая валодае вялікімі вучэбна-выхаваўчымі магчымасцямі.

Падчас інсцэніровак дзеці знаёмяцца з новай лексікай, запамінаюць цікавыя рэплікі і пытанні, інтанацыю. Гэта істотна пашырае слоўнікавы запас вучняў. Дзякуючы сродкам тэатральнай педагогікі, фарміруюцца навыкі іншамоўных зносін у розных сітуацыях, творчыя адносіны да вывучэння замежнай мовы і інш. Важна, што, акрамя вучэбных уменняў і навыкаў, тэатралізаваная дзейнасць дапамагае фарміраваць упэўненасць у сабе, разважлівасць, творчыя здольнасці, увагу, хуткасць рэакцыі, знаходлівасць, адказнасць і самастойнасць.

Наш тэатральны калектыў існуе ўжо шмат гадоў. Кожны праект мы пачынаем з напісання сцэнарыя. Вельмі важна, каб ён падабаўся юным акцёрам, таму пішам яго разам. Звычайна гэта казка, перайначаная на сучасны лад. Дзякуючы музыцы, танцам і песням, якія шырока выкарыстоўваюцца ў пастаноўках, апошнія пера­твараюцца ў невялікія мюзіклы (“Брэменскія музыканты”, “Чырвоная Шапачка”, “Рэпка”, “Новыя прыгоды мушкецёраў”).

Пры падрыхтоўцы пастановак актывізуецца слоўнікавы запас дзяцей, удасканальваюцца інтанацыя і гукавая культура маўлення. Выконваючы розныя ролі, асабліва падчас дыялогу з іншымі персанажамі, вучні павінны не толькі разумець суразмоўніка, але і самі выразна і зразумела гаварыць з ім.

Падрыхтоўка пастановак — складаная справа, бо па­трабуе шмат часу на рэпетыцыі, выраб касцюмаў і дэкарацый. Працуючы ў камандзе, вучні набываюць навыкі калектыўных зносін і асабістай адказнасці за агульную справу.

Школьнікі з нецярпеннем чакаюць моманту, калі змогуць прэзентаваць тэатральны праект на сцэне актавай залы. З задавальненнем удзельнічаюць у конкурсах, дзеляцца ўражаннямі з сябрамі, расказваюць пра тэатралізаваную дзейнасць бацькам.

Прыёмы і сродкі тэатральнай педагогікі выкарыстоўваюцца не толькі ў пазакласнай рабоце, але і на ўроках. Так, у пачатковых класах можна звяртацца да тэатралізаваных (ролевых) гульняў, якія дапамагаюць педагогу падвесці дзяцей да творчай дзейнасці, актывізаваць вучэбны працэс. Для лепшага авалодання лексікай падбіраю ці складаю дыялогі міні-спектакляў, мініяцюры на пэўную тэму, дзе вучні сустракаюць новыя словы ў розных спалучэннях і такім чынам лепш замацоўваюць іх гукавую і графічную формы.

Прымяняю ролевыя гульні на першых уроках у 3 класе, напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Давайце пазнаёмімся!”. Прапаноўваю дзецям уявіць сябе ў ролі любімых казачных персанажаў. Так у класе з’яўляюцца Мікі Маус, Маша, Ніндзя, cвінка Пэпа і іншыя. Гэта весела і цікава. Вучні неаднаразова прагаворваюць моўныя ўзоры, дзякуючы чаму лепш засвойваюць лексіку.

Вывучаючы тэму “Жывёлы”, трэцякласнікі выконва­юць гульнявыя заданні ў вобразе жывёл і казачных ге­рояў. Напрыканцы навучальнага года абавязкова інсцэніруецца казка “Снег хоча мець колер”.

На кожнай ступені навучання тэатралізацыя мае свае асаблівасці. Калі пры знаёмстве з тэмай “Адзенне” ў 4 класе мы гуляем у “Магазін”, то пры вывучэнні тэмы “Мода” ў 9 класе падлеткі працуюць над праектам “На паказе моды” (дзяўчынкі — мадэлі, хлопчыкі — члены журы). Тэатралізаваныя праекты, як правіла, завярша­юць работу над тэмай.

Тэатралізацыя вучэбнай дзейнасці аблягчае засваенне граматычнага матэрыялу. Добра дапамагае ў гэтым і рэп, вельмі папулярны сярод падлеткаў. Чытаючы рэп пад “мінусоўкі”, дзеці вывучаюць асноўныя формы дзеяслова ці скланенне назоўнікаў. Такая форма работы цікавая і выніковая.

Ірына РУБАН,
настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 2 Камянца.