×

Вывучаем родны край

13.02.2020 14:29,

Метадычнае аб’яднанне настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства Маскоўскага раён Метадычнае аб’яднанне настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства Маскоўскаг а Брэста праводзіць сістэмную работу па вывучэнні айчыннай гісторыі і культуры. У рамках Года малой радзімы асаблівая ўвага ўдзяляецца выхаванню беражлівых адносін да гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі і паважлівага стаўлення да нацыянальна-культурных дасягненняў Брэстчыны. На рахунку членаў раённага метадычнага аб’яднання — шмат незабыўных экскурсій і падарожжаў па адметных мясцінах вобласці. Педагогі лічаць: каб зацікавіць вучняў гістарычна-культурнымі помнікамі родных мясцін, неабходна самім іх дасканала вывучыць. З гэтай мэтай распрацаваны спецыяльны турыстычны маршрут “Спадчына Брэстчыны”, у межах якога былі наведаны гістарычна-мемарыяльны музей XVIII стагоддзя “Сядзіба Нямцэвічаў” у Скоках Брэсцкага раёна, палацава-паркавы ансамбль Сапегаў-Патоцкіх XIXстагоддзя ў Высокім, Троіцкі касцёл XVIII стагоддзя ў Воўчыне і сядзіба ХIX стагоддзя ў Грамячы Камянецкага раёна.

Cядзіба Нямцэвічаў у Скоках — адзіная старажытная сядзіба падобнага тыпу ў ваколіцах Брэста. Некалькі гадоў назад у ёй былі завершаны маштабныя рэстаўрацыйныя работы. У свой час тут жылі многія пакаленні знакамітага роду Урсын-Нямцэвічаў, у тым ліку Юльян Урсын-Нямцэвіч (1758—1841) — пісьмен­нік, публіцыст, дзяржаўны дзеяч. Менавіта ў сценах сядзібы 15 снежня 1917 года было падпісана мірнае пагадненне паміж Савецкай Расіяй і Германскай імперыяй. Сёння ў гістарычна-мемарыяльным музеі працуюць выставачныя залы, адноўлены інтэр’ер памяшканняў. Сядзіба з’яўляецца музейнай гасцёўняй, дзе праходзяць творчыя сустрэчы, літаратурна-музычныя вечарыны, канцэрты камернай музыкі. Педагогі і школьнікі — частыя госці музея.

Незабыўныя ўражанні пакідае таксама палацава-паркавы ансамбль Сапегаў-Патоцкіх, размешчаны на беразе ракі Пульвы ў Высокім. Ансамбль складаецца з цаглянага палаца, двух флігеляў, службовага корпуса і вялікага маляўнічага парку. Комплекс унесены ў дзяржаўны спіс гістарычна-культурнай спадчыны як помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму. Палац быў пабудаваны ў 1815 годзе, праз 30 гадоў пасля пажару ў старым замку, закладзеным у першай палове XVIII стагоддзя. Сёння ансамблевыя будынкі знаходзяцца ў закансерваваным стане. На месцы сядзібы плануецца пабудаваць атэль-музей.

Воўчын вядомы з XV стагоддзя, але яго росквіт прыйшоўся на XVIII стагоддзе, калі тут размяшчалася рэзідэнцыя Чартарыйскіх і Панятоўскіх. У мястэчку ў 1732 годзе нарадзіўся апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У нашы дні галоўнай славутасцю вёскі з’яўляецца познебарочны Троіцкі касцёл, пабудаваны ў 1733 годзе. На працягу 1866—1918 гадоў тут размяшчалася праваслаўная царква. Храм быў моцна пашкоджаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пасля ў ім знаходзілася калгаснае сховішча ўгнаенняў і ядахімікатаў. Будынак паступова разбураўся. У 2007 годзе ён быў перададзены каталіцкай царкве. Пачаліся аднаўленчыя работы. Сёння рэканструкцыя працягваецца. У храме неабходна завяршыць аздабленне ўнутраных памяшканняў і добраўпарадкаваць прылеглую тэрыторыю.

Грамяча вядома сядзібай Пузынаў, якая адносіцца да гістарычна-культурных каштоўнасцей Беларусі. Аднапавярховы цагляны палац у стылі класіцызму быў пабудаваны ў другой палове ХІХ стагоддзя. У 1933 годзе палацавы комплекс быў прададзены. Пэўны час на яго месцы размяшчалася школа, а потым — піянерскі лагер. Пазней лагер быў закрыты. Будынак пачаў разбурацца. Некалькі гадоў назад ён быў выкуплены. Нягледзячы на рэстаўрацыйныя работы, турыстычная славутасць выглядае пакуль закінутай.

На гэтым знаёмства брэсцкіх педагогаў з адметнымі мясцінамі роднага краю не скончылася. Наперадзе ў настаўнікаў і іх выхаванцаў — шмат новых вандровак, прасякнутых любоўю да малой радзімы і айчыннай гісторыі.

Юлія ХУДОБКА,
метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Маскоўскага раёна Брэста.