×

Вывучаем традыцыі і культурную спадчыну Радзімы

06.03.2019 16:40,

Адно з найбольш шанаваных народных беларускіх свят — Масленіца, якая вылучаецца багаццем звычаяў, абрадаў і прыкмет. Масленіца супадае з заканчэннем зімы і пачаткам вясны і характарызуецца ўсеагульнай весялосцю, шумнымі і вясёлымі гуляннямі, выкананнем адмысловых песень з пажаданнямі багатага ўраджаю, здароўя і дабрабыту.

У яслях-садзе № 3 Ляхавіч стала добрай традыцыяй праводзіць з выхаванцамі народныя святы. Вось і сёлета прайшлі святочныя гулянні, прысвечаныя провадам зімы і сустрэчы вясны. Падрыхтавала свята музычны кіраўнік А.М.Варабей разам з выхавальніцай Н.У.Шырэй з мэтай далучэння дашкольнікаў да беларускай культуры праз народную музычную творчасць. У свяце актыўна ўдзельнічалі бацькі дзяцей, якія выконвалі ролі Зімы, Вясны, злой Вядзьмаркі і Карабейнікаў. 

Праводзячы Зіму, дзеці з задавальненнем спаборнічалі з ёй, выпрабоўваючы свае сілы ў перацягванні вяроўкі, удзельнічалі ў традыцыйных народных гульнях, радасна сустракалі Масленіцу, якая прынесла шмат цікавых сюрпрызаў і спаборніцтваў. Хлопчыкі і дзяўчынкі ігралі на дзіцячых музычных інструментах, чыталі вершы, выконвалі народныя песні, вадзілі карагоды.

Цяжка было ўседзець на месцы падчас вясёлых народных песень і танцаў. Не абышлося і без смачнага сюрпрызу, які ўдзельнікі свята атрымалі ад Карабейнікаў, — салодкіх румяных бліноў. Напрыканцы па традыцыі даравальнай нядзелі ўсе абнялі адно аднаго, папрасілі прабачэння за крыўды і падарылі гасцям яркія сонейкі — сімвал дабра, цяпла і святла.  

Гледзячы на дарослых, дзеці імкнуліся эмацыянальна адпавядаць ім у міміцы, рухах і спевах. Касцюмы герояў дапамаглі акунуцца ў свет музычнай драматызацыі, выклікалі цікавасць да беларускай народнай творчасці.

Свята не толькі азнаёміла дашкольнікаў са старадаўнімі народнымі традыцыямі, але і падарыла шмат станоўчых эмоцый і выдатны настрой.

Алена ВАРАБЕЙ,
музычны кіраўнік;
Алена ГАРДЗЕЙЧЫК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 3 Ляхавіч.