×

Вызначыць траекторыю развіцця і перспектывы прафесійнага росту

06.06.2019 11:46,

Індывідуальная траекторыя прафесійна-асобаснага развіцця дазваляе вызначыць перспектывы фарміравання і далейшага прафесійнага росту педагога, напрамкаў, сродкаў, метадаў і форм павышэння ўзроўню яго кваліфікацыі. Удзел нашай установы ў Рэспубліканскім інавацыйным праекце па ўкараненні мадэлі фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці выхавальніка дашкольнай адукацыі шляхам ІКТ дапамагае выбудаваць гэтую траекторыю з улікам вопыту, падрыхтоўкі, псіхафізіялагічных і кагнітыўных асаблівасцей педагогаў.


С.І.Яравенка і А.Г.Арцюх.

У пачатку рэалізацыі праекта была праведзена дыягностыка адукацыйных запытаў і цяжкасцей выхавальнікаў, вызначаны патэнцыяльныя магчымасці іх прафесійна-асобаснага развіцця. Затым быў распрацаваны комплекс эфектыўных адукацыйных мерапрыемстваў па метадычным суправаджэнні прафесійнага развіцця педагогаў. Гэтая дзейнасць уключала розныя формы, метады і сродкі развіцця ў іх спецыяльных педагагічных, дзейнасных і асобасных кампетэнцый.

З мэтай павышэння зацікаўленасці педагогаў у інавацыйнай рабоце, згуртаванасці ў вырашэнні агульных задач і прафесійным удасканаленні былі арганізаваны трэнінгі і семінары. 

У калектыве створана спрыяльная псіхалагічная атмасфера, якая стымулюе развіццё творчасці, важных асобасных якасцей, успрымальнасць да новых адукацыйных тэхналогій, здольнасць да работы ва ўмовах выбару і нявыз­начанасці.  

Удзельнікі інавацыйнага праекта самі ацэньваюць уласны кампетэнтнасны патэнцыял і выбіраюць напрамкі развіцця. З мэтай эфектыўнага асваення інфармацыйных рэсурсаў, зручнай работы з электроннымі дзённікамі, партфоліа і тэстамі створаны акаўнты ў дамене metod-kobrin.by і блог https://www.blogger.com. Актыўна выкарыстоўваецца дыстанцыйнае кансультаванне.

Інавацыйны праект дазволіў удасканаліць тэхналогію фарміравання эфектыўнага педагагічнага вопыту. Так, 2 выхавальнікі абагульнілі вопыт на атрыманне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі па фарміраванні асноў пажарнай бяспекі і ўяўленняў пра часавыя арыенціроўкі ў старшых дашкольнікаў праз ІКТ.

У інавацыйнай дзейнасці ўлічваюцца індывідуальныя адукацыйныя прыярытэты кожнага педагога. Мэтанакіраванае выяўленне моцных і слабых бакоў выхавальнікаў дазваляе разам з імі вызначыць траекторыі індывідуальнага прафесійна-асобаснага развіцця. Педагогі актыўна ўзаемадзейнічаюць у прафесійнай самаадукацыі з намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці, які дапамагае дакладна фармуляваць яе мэты і задачы па выніках дыягностыкі і ўсебаковага аналізу работы выхавальнікаў. Вынікі дзейнасці па самаадукацыі прадстаўляюцца на штогадовых круглых сталах у форме канспектаў адкрытых заняткаў і іншых мерапрыемстваў, картатэкі па пэўнай праблематыцы, гульняў і дапаможнікаў, рэкамендацый і аформленага эфектыўнага педагагічнага вопыту.

З мэтай прафесійна-асобаснага росту педагогаў ствараюцца індывідуальныя мадэлі іх прафесійнага развіцця, якія ўлічваюць якасць работы, пастаяннае ўдасканаленне і абмен вопытам. Персанальны шлях прафесійнага развіцця можна прасачыць на прыкладзе выхавальніцы С.І.Яравенка. У рамках самаадукацыйнай дзейнасці яна распрацоўвала тэму, якая тычылася фарміравання асноў пажарнай бяспекі ў старшых дашкольнікаў праз ІКТ. Спачатку педагог вывучыла адпаведную навукова-метадычную літаратуру, затым вызначыла асноўныя напрамкі работы, яе мэты і задачы. Пры вырашэнні пастаўленых задач выхавальніца адаптавала тэарэтычны матэрыял да канкрэтных сітуацый. Па выніках самаадукацыйнай дзейнасці былі створаны цікавыя аўтарскія дыдактычныя і метадычныя матэрыялы, распрацаваны заняткі і іншыя мерапрыемствы. Практычныя матэрыялы (казкі, песні, вершы, гульні) будуць апублікаваны ў часопісе “Юны ратавальнік”. Вопыт, назапашаны С.І.Яравенка, выкарыстоўваецца на курсах павышэння кваліфікацыі педагогаў у Брэсцкім абласным ІРА. Дзейнасць выхавальніцы адзначана граматай. Педагог уключана ў рэзерв кіраўніцкіх кадраў на пасаду загадчыка дашкольнай установы.

Вялікую развіццёвую ролю адыгрывае саманавучанне, падчас якога педагогі не толькі вучацца самі, але і прэзентуюць вынікі ўласнай дзейнасці. Для прафесійных зносін выхавальнікаў у нашай установе праводзяцца майстар-класы. Гэтая актыўная форма самарэалізацыі стварае добрыя ўмовы для паўнацэннага праяўлення і развіцця педагагічнага майстэрства, прафесійных зносін і абмену вопытам па розных тэмах (“Стварэнне інтэрактыўных мультымедыйных прэзентацый”, “Інфармацыйна-камунікацыйныя формы ўзаемадзеяння з сям’ёй”, “Работа з графічнымі рэдактарамі” і інш.).

Эфектыўным сродкам прафесійна-асобаснага росту педагогаў з’яўляюцца адкрытыя заняткі, якія паскараюць перадачу педагагічнага вопыту, шліфуюць прафесійнае майстэрства калег. Добрым самаадукацыйным патэнцыялам валодаюць інтэрнэт-рэсурсы, якія пашыраюць прафесійны кругагляд, ствараюць умовы для зносін, дазваляюць удзельнічаць у абмеркаванні актуальных пытанняў і ў розных сеткавых мерапрыемствах. Дзякуючы гэтаму фарміруецца інфармацыйная культура педагогаў.

Алена АРЦЮХ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Яроміцкага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Кобрынскага раёна.