×

Вызначылі лепшых “рыцараў”

01.03.2019 16:19,

На базе Маларыцкай раённай гімназіі прайшоў традыцыйны раённы “Рыцарскі турнір” сярод школьных юнацкіх каманд. Пераможцай стала каманда юнакоў з Олтушскай сярэдняй школы. Адзінаццацікласнікі Руслан Церашчук, Назар Кашырэц, Уладзіслаў Галавій, Дзяніс Сінавец, Мікіта Шахрай, Аляксандр Пішчык і Аляксей Пішчык выступілі дружнай і зладжанай камандай, занялі 1-е месца, атрымалі граматы і пераходны кубак.

Арганізатарамі штогадовага спаборніцтва, прысвечанага Дню абаронцаў Айчыны, выступілі райкам БРСМ, аддзел па адукацыі, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзел па надзвычайных сітуацыях райвыканкама, пагранічная камендатура “Маларыта” і Кобрынска-Маларыцкая міжраённая арганізацыйная структура ДТСААФ. Мерапрыемства сабрала самых спартыўных, дужых, спрытных і кемлівых юнакоў з 9 каманд устаноў адукацыі Маларытчыны.

Наймацнейшая каманда турніру вызначалася ў 6 выпрабаваннях: падцягванні на перакладзіне, падыманні гіры (16 кг), стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, інтэлектуальным конкурсе капітанаў (тэарэтычная падрыхтоўка на ваенную тэматыку), скачках у даўжыню з месца і дартсе.

Барацьба за перамогу была ўпартай і напружанай. У выніковай турнірнай табліцы 2-е месца (з адрывам у 3 балы ад лідара) заваявала каманда “рыцараў” з сярэдняй школы № 2 Маларыты, 3-е — з Маларыцкай раённай гімназіі.

У асабістым заліку юнакі таксама паказалі добрыя вынікі. Каманды-пераможцы і пераможцы асобных конкурсаў атрымалі дыпломы і падарункі.

У рамках мерапрыемства ў фае гімназіі можна было азнаёміцца з узбраеннем і спецыяльнымі сродкамі Узброеных Сіл Беларусі, паглядзець паказальнае выступленне кінолага і сабакі пагранічнай камендатуры “Маларыта”.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.