×

Вызначылі лепшыя беларускія куткі

28.05.2019 14:53,

Веданне роднай мовы — неад’емная частка агульнай культуры чалавека, які любіць сваю Радзіму. Шлях да авалодвання беларускай мовай, выхавання любові да роднага краю і яго прыроды, павагі да нацыянальных каштоўнасцей пачынаецца змалку. З мэтай удасканалення ўмоў для арганізацыі адукацыйнага працэсу па далучэнні дзяцей да беларускай мовы і культуры на Ляхавіччыне прайшоў агляд-конкурс на лепшы беларускі куток сярод дашкольных устаноў.

Журы ацэньвала змест куткоў у адпаведнасці з праграмнымі патрабаваннямі для кожнай узроставай групы выхаванцаў, эстэтычнаць і арыгінальнасць іх напаўнення, якасць падрыхтоўкі і эмацыянальнасць прэзентацыі.

Педагогі творча і адказна падышлі да аднаўлення і сістэматызацыі зместу куткоў па патрыятычным выхаванні дашкольнікаў. Куткі папоўніліся тэматычнымі сродкамі навучання для пашырэння ведаў пра сям’ю, дзіцячы сад, малую ра­дзіму, Беларусь. Шмат дыдактычных гульняў і дапаможнікаў выхавальнікі стварылі сваімі рукамі: пазлы, макеты, лэпбукі. Дашкольнікі з радасцю прадстаўлялі беларускія куткі: расказвалі вершы на беларускай мове, спявалі, танцавалі, інсцэніравалі ўрыўкі з казак. У папаўненні беларускіх куткоў актыўна ўдзельнічалі і бацькі, якія прэзентавалі іх разам з дзецьмі.

Дыпломы І ступені атрымалі педагогі ясляў-садоў №№ 1 і 3 Ляхавіч, дыпломы ІІ ступені — педагогі Задворскага і Жарабковіцкага дзіцячых садоў, дыпломы ІІІ ступені — педагогі дзіцячага сада № 2 Ляхавіч, Начаўскага і Тухавіцкага дзіцячых садоў.

Наталля ПАТАПОВІЧ,
метадыст Ляхавіцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.