×

“Я — маленькі беларус!”

30.01.2020 16:04,

Жыццё піянерскай арганізацыі бурлівае, насычанае падзеямі, цікавымі сустрэчамі, мерапрыемствамі. У студзені ў піянерскіх дружынах устаноў адукацыі Ляхавіцкага раёна прайшоў Тыдзень акцябрат “Акцябрацкімі дарогамі”. Для вучняў 2—4 класаў было арганізавана шмат мерапрыемстваў: гульні, віктарыны, падарожжы, віртуальныя экскурсіі, конкурсы малюнкаў, квесты.

У шосты дзень школьнага тыдня пятнаццаць каманд акцябрат сабраліся ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ляхавіч, каб стаць удзельнікамі раённай гульні-віктарыны “Я — маленькі беларус!”. Знайсці адказы на пытанні шасці раўндаў — “Мой край родны — Беларусь”, “Подых сівых стагоддзяў”, “Міфы беларусаў”, “Крок у будучыню”, “Мастацтва Беларусі” і “Пазнай літаратурнага героя”, — задача не з лёгкіх, але разам акцябратам усё па сілах! Уменне засяродзіцца на галоўным, уважлівасць, кемлівасць — галоўныя складальнікі поспеху хлопчыкаў і дзяўчынак. Каманды выдатна справіліся з заданнямі, паказалі добрыя веды аб сваёй малой радзіме, гісторыі і культуры Беларусі.

Па выніках гульні-віктарыны перамогу атрымала каманда акцябрат “Зорачкі” гімназіі Ляхавіч, на другім месцы — каманда “Праменьчыкі” сярэдняй школы № 1 Ляхавіч, трэцяе месца падзялілі каманда “Новае пакаленне” Малагарадзішчанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы і каманда “Зорачкі” Крывошынскай сярэдняй школы. Каманды ўзнагароджаны дыпломамі аддзела па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама. Пераможцы атрымалі прызы ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ляхавіцкага райвыканкама.

Ганна БУЙКО,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ЦДАДіМ Ляхавіч.