×

Як арганізаваць і правесці фізічныя баі

10.07.2019 14:52,

Для вырашэння задач фарміравання асноў навуковага светапогляду, развіцця інтэлектуальных здольнасцей і пазнавальных інтарэсаў школьнікаў у працэсе вывучэння фізікі асноўную ўвагу варта ўдзяляць не перадачы сумы гатовых ведаў, а знаёмству з метадамі навуковага пазнання навакольнага свету, пастаноўцы праблем, якія патрабуюць ад навучэнцаў самастойнай дзейнасці па іх вырашэнні. У сувязі з гэтым актуальным падаецца фарміраванне ў вучняў ключавых кампетэнцый і спецыфічнай для фізікі эксперыментальна-даследчай кампетэнцыі.

Адна з задач метадычнай работы вучэбна-метадычнага кабінета г. Баранавічы з настаўнікамі фізікі ў гэтым навучальным годзе — удасканаленне іх прадметна-метадычнай кампетэнтнасці. Вывучыўшы запыты настаўнікаў, вучэбна-метадычны кабінет арганізаваў семінар па тэме “Развіццё эксперыментальна-даследчых кампетэнцый вучняў пры дапамозе арганізацыі і правядзення турніру юных фізікаў” на базе рэсурснага цэнтра па вучэбным прадмеце “Фізіка” ў ліцэі № 1 Баранавіч.

Вопытам падрыхтоўкі каманд і правядзеннем турніру юных фізікаў (ТЮФ) з настаўнікамі фізікі на семінары падзялілася настаўнік фізікі Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя настаўнік-метадыст Вольга Аляксандраўна Званцова.

Настаўнікаў цікавіў шэраг пытанняў: як праводзіцца турнір, як адабраць вучняў для ўдзелу ў турніры, як рыхтаваць каманду, якая павінна быць ступень самастойнасці вучняў пры выкананні заданняў.

Вольга Аляксандраўна падрабязна азнаёміла педагогаў з гісторыяй турнірнага руху ў Беларусі, правіламі правядзення фізічных баёў і асноўнымі асаблівасцямі падрыхтоўкі каманд.

Турніры юных фізікаў — адзін з найбольш дзейсных сродкаў рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу і адна з форм актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў. Вольга Аляксандраўна адзначыла, што ТЮФ — гэта асабіста-каманднае спаборніцтва школьнікаў ва ўменні вырашаць складаныя даследчыя і навуковыя праблемы, пераканаўча падаваць свае рашэнні, адстойваць іх у навуковых дыскусіях — фізічных баях.

У ходзе майстар-класа педагогі азнаёміліся з рэгламентам правядзення фізічных баёў, парадкам выкліку на даклад, сістэмай выстаўлення адзнак і вызначэння месцаў. Вольга Аляксандраўна падзялілася з калегамі літаратурай і інтэрнэт-крыніцамі, дзе можна даведацца больш падрабязна аб ТЮФ, задачах мінулых гадоў і запазычыць веды для падрыхтоўкі каманд.

У практычнай частцы майстар-класа, працуючы ў групах, педагогі абмеркавалі задачы Рэспубліканскага турніру юных фізікаў 2019 года (“Настаўніцкая газета” № 126 ад 01.11.2018).

Пры абмеркаванні задачы “Аэразоль” А.А.Рабцэвіч (гімназія № 1) вылучыў некалькі спосабаў атрымання аэразоляў. Педагогі абмеркавалі параметры, якія можна было б даследаваць пры атрыманні аэразолю. А вось як залежыць працэс утварэння аэразолю ад хуткасці струменя, ад плошчы адтуліны і ад вадкасці, якую прапускаюць праз адтуліну, і нават як гэтыя параметры могуць уплываць на далёкасць палёту атрыманага аэразолю, яшчэ трэба будзе праверыць.

Задача “Варонка і шарык” для многіх педагогаў аказалася жыццёва знаёмай. Многія, гуляючы ў тэніс, яшчэ ў дзяцінстве спрабавалі ўтрымаць шарык над патокам паветра. Абмяркоўваючы магчымыя варыянты правядзення даследавання, настаўнікі прыкметна ажывіліся. Якое абсталяванне можна было б выкарыстоўваць? Кампрэсар, фен, пыласос? Магчыма, шырыня варонкі будзе ўплываць на вышыню ўздыму шарыка, выказаў здагадку С.І.Самуйлік (гімназія № 3). Зыходзячы з закона Бярнулі, мы атрымліваем, што чым большая хуткасць струменя паветра, тым меншы ціск усярэдзіне бруі. Значыць, атмасферны ціск, які ўздзейнічае на шарык, большы, чым ціск усярэдзіне струменя, і тым самым ён утрымлівае яго ўнутры струменя. З іншага боку, сіла аэрадынамічнага ціску, якая ўздзейнічае на шарык знізу, ураўнаважвае сілу цяжару. Таму шарык не падае. Магчымыя параметры для вывучэння могуць быць: сіла аэрадынамічнага ціску і хуткасць паветранага струменя.

Горн у выглядзе конусу або ражка можна выкарыстоўваць для паляпшэння перадачы чалавечага голасу іх аддаленаму слухачу. Абмяркоўваючы задачу “Гучны голас”, педагогі прадумвалі, як можна даследаваць атрыманы гук у залежнасці ад істотных параметраў: формы, памеру і матэрыялу горна. А вось чым рэгістраваць і вывучаць гучнасць голасу? Магчыма, гэта можна зрабіць, запісаўшы атрыманы голас, прапанавала настаўнік фізікі сярэдняй школы № 10 І.В.Жыжка.

Вялікую цікавасць у педагогаў выклікала задача “Кобра з палачак”. Драўляныя палачкі эскімо можна злучыць у ланцужок, чапляючы іх іх адну за адну ў так званую “кобру”. Калі вызваліць адзін канец такога ланцуга, палачкі пачнуць вылятаць з яго, і па ланцугу пройдзе хвалевы фронт. Настаўнікі, зацікавіўшыся задачай, знайшлі ў інтэрнэце ролік, з якога відаць, як гэтая хваля ўтворыцца. Таццяна Леанідаўна Шастак (гімназія № 4) выказала меркаванне, што для гэтага вопыту, хутчэй за ўсё, вельмі важная схема раскладкі палачак. Такая стужка падобная на сістэму з фішак даміно, і выцягванне палачкі з аднаго з канцоў прыводзіць да ланцуговай рэакцыі, якая разбурае стужку. А як будзе залежаць гэтая хваля ад рознага памеру палачак і ад матэрыялу? А вось ці ўплывае хуткасць даставання палачкі на хуткасць распаўсюджвання самой хвалі? У ходзе абмеркаванняў педагогі змаглі скласці прыкладны план даследавання “кобры з палачак” са сваімі вучнямі.

У ходзе семінара педагогі прадумалі і абмеркавалі не толькі магчымыя варыянты і спосабы выканання задач, прапанаваных на турнір, але і вызначылі, як дапамагчы дзецям сфармуляваць мэты працы, скласці план даследавання, вылучыць гіпотэзу, праверыць яе.

Кожны педагог, які браў удзел у семінары, змог больш дэтальна і метадычна дасведчана ўявіць, як можна развіваць эксперыментальна-даследчую кампетэнцыю навучэнцаў, арганізуючы іх удзел у фізічных баях.

Алена СТУПЧЫК,
настаўніца фізікі сярэдняй школы 9 Баранавіч, кіраўнік творчай групы настаўнікаў фізікі Баранавіч.