×

Яркі год, яркі ты

31.05.2019 12:20,

Ужо вядомы ўсім слоган будучых “Bright year! Bright you!” ІІ Еўрапейскіх гульняў стаў аднайменным дэвізам для навучэнцаў сярэдняй школы № 1 Ганцавіч падчас прадметнага тыдня англійскай мовы.

Пяць дзён інфарматыўных і захапляльных мерапрыемстваў спартыўнай тэматыкі (ды на англійскай мове!) не пакінулі вучняў і педагогаў абыякавымі, зрабілі школьнае жыццё сапраўды яркім.

Стаўка была зробленая на маштабнасць і значнасць для Беларусі будучага спартыўнага мегафоруму. Гульні — выдатная платформа для папулярызацыі і практыкі англійскай мовы сярод навучэнцаў. Бо гэта не толькі абавязковае засваенне прадметнага праграмнага зместу ў займальнай форме, але і магчымасць уявіць і адчуць сябе ўдзельнікам іншамоўнай камунікацыі з мноствам спартыўных знакамітасцей і гасцей з еўрапейскіх краін.

Павесці сучасную моладзь за сабой — задача часам не з лёгкіх! Падчас тыдня кожны меў магчымасць параўнаць спартыўныя захапленні жыхароў англамоўных краін і Беларусі, бліжэй пазнаёміцца са спартыўным жыццём Ганцавіцкага раёна і адкрыць нечаканыя факты спартыўных дасягненняў педагогаў і навучэнцаў сваёй школы.

Урок-канцэрт “Спяваем разам: песенькі-рыфмоўкі па-англійску” і ўрок-гульня “Сезонныя віды спорту” захапілі творчасцю на англійскай мове і сваёй пазнавальнасцю самых малодшых школьнікаў.

Конкурс малюнкаў спартыўнай тэматыкі выявіў мастацкія таленты сярод навучэнцаў 3—5 класаў, а некаторыя з іх атрымалі запаветныя ўзнагароды за ўдзел у беларуска-амерыканскім арт-праекце ў рамках дзейнасці “англійскага клуба”.

Гадзіна спорту “Вясёлыя гонкі” на англійскай мове ў 5 класах арганізавала вучняў у дзве каманды, каб паспаборнічаць у эстафеце і выявіць лепшых знаўцаў мовы. Агульнае забаўляльнае мерапрыемства “Спартыўнае аўдыя і відэа” пацешыла вучняў 4—6 класаў.

Адбылася сустрэча дзяцей з сімвалам Еўрапейскіх гульняў у Беларусі — Лесікам, які распавёў пра гісторыю свайго з’яўлення, загадаў відэарэбусы, паказаў спартыўныя ролікі і запрасіў праспяваць і станцаваць (і ўсё на англійскай мове!).

Інтэлектуальная гульня “Адкрываючы спорт” для 7—8 класаў далучыла да гісторыі арганізацыі і правядзення сучасных летніх і зімовых Алімпійскіх гульняў.

Навучэнцаў 9-х класаў зацікавіла рашэнне англамоўных займальных рэбусаў і крыжаванкі “Спорт ва ўсім свеце”. Гэта шанс праявіць логіку, кемлівасць і, вядома ж, веданне англійскай мовы. А вось конкурс эсэ “Еўрапейскія гульні. Быць валанцёрам — выдатна!” збянтэжыў дзесяцікласнікаў і прымусіў падумаць на англійскай мове на зададзеную тэму. Бо віртуальнасць можа стаць рэальнасцю! А дасведчаныя супрацоўнікі школьнага “турыстычнага агенцтва” (11 клас) правялі ўжо традыцыйныя для школьнага тыдня англійскай мовы рэкламы-прэзентацыі экскурсійных маршрутаў, на гэты раз — па спартыўных абхектах рэспублікі (Сілічы, Мінск-Арэна, Барысаў-Арэна, Лядовы палац у Баранавічах і інш.).

Агульнашкольная цырымонія ўшанавання найлепшых у засваенні англійскай мовы на працягу 2018/2019 навучальнага года “Алея зорак” стала апагеем прадметнага тыдня. За плённую працу і выніковыя паказчыкі ў Школьную алею зорак занесены прызёры і пераможцы розных этапаў прадметнай алімпіяды па англійскай мове, навукова-практычнай канферэнцыі, завочнай рэспубліканскай гульні “Лінгвісцяня”, а таксама іх педагогі. Атрымалася дзівосная алея яркіх зорак.

Несумненна, Bright Year, Bright You!

Таццяна БАЎТРУКЕВІЧ,
настаўніца анлійскай мовы сярэдняй школы № 1 Ганцавіч.