×

З чаго пачынаецца Радзіма?

17.03.2020 14:21,

Варыянтаў адказу на гэтае пытанне шмат. Так, у вядомай савецкай песні Радзіма бярэ пачатак з малюнка ў буквары, сяброў у двары, матулінай песні... Але вучні 7 “Б” класа сярэдняй школы № 1 Лунінца прытрымліваюцца іншай думкі.

Падчас класнай гадзіны “Хто мы? Што мы? Адкуль мы?” дзеці прыйшлі да высновы, што і песню, і сяброў, і буквар аб’ядноўвае мова. Менавіта з яе бярэ пачатак Радзіма, у тым ліку наша Беларусь. Каб аргументаваць гэтую думку, вучнёўскі актыў правёў тыдзень беларускай мовы і літаратуры, прычым не для птушачкі, як кажуць, а з дакладнай мэтай — папулярызаваць родную мову сярод моладзі.

Стартаваў тыдзень не ў панядзелак, а ў пятніцу. Мерапрыемства прысвячалася 85-годдзю народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Вучняў чакала шмат цікавага і карыснага. Так, з задавальненнем удзельнічалі ў конкурсе матыватараў “Я — за родную мову!” і ў конкурсе відэаролікаў выразнага чытання вершаў Рыгора Барадуліна “Праз мяне ўбач паэта”, якія праводзіліся ў інтэрнэце. 

Дзейнасць інфармацыйнай групы “Светач” была накіравана на папулярызацыю творчасці паэта-юбіляра, раскрыццё невядомых фактаў яго жыцця.

Падчас конкурсу выканаўцаў беларускай песні “Рэха душы” вучні паказвалі не толькі вакальныя, але і танцавальныя здольнасці. Вельмі цікава прайшлі акцыі “Пішам верш разам!”, “Малюем разам!” і “Слова паэта гучыць!”. Штодзень праходзілі 3—4 мерапрыемствы.

Вынікі тыдня былі падведзены на сустрэчы з мясцовымі пісьменнікамі. Вучні чыталі не толькі творы вядомых аўтараў, але і ўласныя.

Андрэй КІСЛЮК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Лунінца.