×

З гісторыі Маларыцкай школы-інтэрната

10.02.2020 13:00,

На Маларытчыне за 80 гадоў функцыянавалі ўстановы розных тыпаў. Так, пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны ў райцэнтры дзейнічаў дзіцячы дом, на базе якога ў 1962 годзе была адкрыта школа-інтэрнат з беларускай мовай навучання. 

Пра гісторыю школы-інтэрната расказвае загадчыца музея “Патрыёт” сярэдняй школы № 2 Маларыты Людміла Ярмашук: 
— У першы навучальны год за парты школы-інтэрната селі 99 хлопчыкаў і 81 дзяўчынка, з якіх 36 — сіроты, 48 выхоўваліся адной маці, а 44 — у мнагадзетных сем’ях. Сярэдняя напаўняльнасць класаў складала 30 чалавек. На другі навучальны год колькасць выхаванцаў у школе-інтэрнаце павялічылася да 280 чалавек. У кожным з 1—8 класаў атрымлівалі веды па 35 чалавек. Такая колькасць вучняў захоўвалася на працягу некалькіх наступных навучальных гадоў.

Кожны дзень у школе-інтэрнаце пачынаўся з ранішняй гімнастыкі, якая складалася з 6—8 практыкаванняў і водных працэдур. Затым выхаванцы прыбіралі свае ложкі, снедалі. Вучэбныя заняткі пачыналіся а 9 гадзіне. У другой палове дня для вучняў праводзіліся спартыўныя заняткі, гульні. Дзеці займаліся грамадска карыснай працай, наведвалі гурткі, рыхтавалі дамашнія заданні. Пасля вячэры гулялі.

Ва ўстанове адукацыі працавалі ўлюбёныя ў сваю справу педагогі: настаўніца беларускай мовы і літаратуры Неаніла Мінюк, настаўніцы рускай мовы і літаратуры Іраіда Кузьміч і Ганна Здзітавецкая, настаўніца замежнай мовы Ала Ніканюк, настаўніца матэматыкі Вольга Барбачэнка, настаўніца біялогіі, геаграфіі і хіміі Элеанора Рудэнка, настаўніца гісторыі і геаграфіі Надзея Пазнякова, настаўніца малявання і чарчэння Валянціна Снарова…

За 10 гадоў існавання ўстановы адукацыі з яе сцен выйшлі 345 вучняў. У 1977 годзе школа-інтэрнат была рэарганізавана ў сярэднюю школу № 2. 

Мікалай НАВУМЧЫК, 
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.