×

З любоўю да малой радзімы

01.11.2019 15:49,

Летась у гарадскім парку Маларыты непадалёк ракі Рыты з’явілася новая алея. Пасадкай саджанцаў сасны і кедра займаліся прадстаўнікі Маларыцкага лясгаса, спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Маларыцкага раёна і вучні Маларыцкай раённай гімназіі. На жаль, не ўсе саджанцы прыжыліся. Таму гімназісты разам з настаўнікамі зноў наведаліся ў парк і пасадзілі новыя дрэўцы замест тых, што не прыжыліся. 

Для гэтага ў Маларыцкім лясгасе былі набыты 300 саджанцаў елкі, адна частка якіх упрыгожыла парк, а другая адправілася ў часовы гадавальнік, адкуль дрэўцы будуць брацца для замены.      

Асаблівасць алеі ў тым, што пасаджаныя дрэвы ўтвараюць па разбіўцы слова “любовь”, якое сімвалізуе любоў да малой радзімы.

Можна не сумнявацца: калі дрэвы ўбяруцца ў сілу, гэта будзе найпрыгажэйшы куток гарадскога парку, куды захочацца прыйсці і адпачыць у любы час года. У планах — закласці алеі са словамі “Радзіма”, “мір”, “сям’я”, “Маларыта”.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.