×

З нестандартным падыходам

08.06.2019 14:50,

Нельга ствараць штосьці новае, не валодаючы творчымі здольнасцямі. Для  іх развіцця ў вучняў звяртаюся да нестандартных падыходаў.

Убачыць тое, чаго не бачаць іншыя, зрабіць так, як яшчэ не рабілі, адчуць натхненне, радасць і свабоду самавыяўлення — асноўныя прынцыпы работы пры развіцці творчых здольнасцей школьнікаў на ўроках літаратурнага чытання. Для гэтага выкарыстоўваю спецыяльныя практыкаванні і заданні: творчыя пераказы, слоўнае і графічнае маляванне, драматызацыю, стварэнне дыяфільмаў, напісанне казак, вершаскладанне, прыёмы “чытанне з перапынкамі” і “творчае даследаванне твораў”.

Развіваючы творчыя здольнасці, варта памятаць, што эфектыўнасць работы залежыць ад многіх фактараў: элементаў спаборніцтва, супрацоўніцтва, добразычлівай псіхалагічнай атмасферы і інш. Важна зрабіць самую сумную, звычайную і стандартную справу цікавай, святочнай, імправізаванай. Гэта вельмі захапляе вучняў і падштурхоўвае іх да далейшага творчага пошуку.

Прапаноўваю дзецям розныя творчыя заданні. Сярод іх — “Незвычайная дэкламацыя”. Вучні чытаюць тэксты, нібыта моцна замерзлі, выпілі штосьці гарачае, неадольна хочуць спаць, вельмі напужаны ці ў вобразе двухгадовага дзіцяці.

Даволі цікавым з’яўляецца заданне “Нямое кіно”. Вучні ствараюць па матывах баек І.Крылова нямыя фільмы. Юныя артысты гу­ляюць да таго часу, пакуль твор не будзе адгаданы.

Заданне “Прадоўжы гісторыю”: “Аднойчы вельмі добры хлопчык ішоў па дарозе і знайшоў манетку чараўніка. Калі б ты быў гэтым хлопчыкам, што зрабіў бы з манеткай?”

Драматызацыя — адзін з любімых відаў работы вучняў. Знаёмлю з ёй з 1 класа. Дзеці чытаюць па ролях з рознай інтана­цыяй: сумна, весела, раўнадушна, баязліва, са злосцю. Пераўвасабляючыся ў персанажаў мастацкіх твораў і ствараючы ўяўныя сітуацыі, вучні вераць у праўду выдумкі. Яны могуць быць і акцёрамі, і гледачамі.

Прапаноўваю арганізаваць на ўроку міні-спектакль. Вучні выбіраюць рэжысёра, акцёраў і аўтара. Каб пераканацца ў тым, што дзеці добра запомнілі тэкст і зразумелі яго, праводжу невялікае экспрэс-апытанне. Калі яно паказвае дастатковыя веды, рыхтуемся да пастаноўкі. Ёй папярэднічае выразнае чытанне твора. На дошцы змяшчаюцца словы-памочнікі, якія дапамагаюць выбраць неабходную інтанацыю голасу, каб чытанне атрымалася выразным. Словы суправаджаюцца тлумачэннямі: павольна, спакойна, з радасцю, са шкадаваннем, разважліва, з гонарам, усхвалявана, з хітрасцю. Далей вучні чытаюць тэкст па ролях у сімвалічных тэатральных касцюмах-масках.

Малодшыя школьнікі любяць спяваць, маляваць, сачыняць. Яшчэ В.Сухамлінскі пісаў, што “дзеці павінны жыць у свеце прыгажосці, гульні, казкі, музыкі, малюнка, фантазіі і творчасці”.

Я сістэматызавала тыпы заданняў для развіцця творчых здольнасцей на аснове наглядна-вобразнага (“Карысныя ўласцівасці”, “Забавы маленькіх і справы вялікіх”, “Што было, што будзе…”) і слоўна-лагічнага (“Розныя словы”, “Смяёмся і сумуем”, “Вось дык гісторыя!”, “Што я раблю, калі…”, “Новая старая казка”) мыслення, уменняў устанаўліваць сувязі паміж вобразнай і слоўнай інфармацыяй (“Погляд з іншага боку”, “Апішы словамі”, “Схема сказаў”, “Новыя адгадкі”, “Загалоўкі”, “Свая прыказка”), а таксама сэнсавыя асацыяцыі (“Дрэва слоў”, “Прыдумай сказ/слова”, “Схавай слова”, “Газетны рэпартаж”). Гэтыя заданні можна выкарыстоўваць на ўроках літаратурнага чытання ва ўсіх класах, але іх эфектыўнасць будзе рознай. Таму трэба абавязкова ўлічваць мэты, задачы і змест заданняў, псіхолага-ўзроставыя асаблівасці вучняў.

Звяртаюся таксама да творчых гульняў (гульні са словамі, гульні для развіцця творчага ўяўлення), інтэлектуальна-творчых заданняў (заданні-драматызацыі, заданні-прэзентацыі) і творчых заданняў на слоўнае маляванне, напісанне казак і вершаскладанне.

Аксана БРУЙ,
настаўніца пачатковых класаў гімназіі Ляхавіч.