×

З прафесійным падыходам

01.02.2020 11:22,

За 13 гадоў педагагічнай дзейнасці настаўніца нямецкай мовы І.В.Прасвірнова з брэсцкай сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава назапасіла вялікі вопыт практычнай работы з дзецьмі рознага ўзросту і ўзроўню падрыхтоўкі. Асаблівую ўвагу Ірына Валер’еўна ўдзяляе сукупнаму развіццю іншамоўнай камунікатыўнай, маўленчай, сацыякультурнай і вучэбна-пазнавальнай кампетэнцый, павышэнню матывацыі дзяцей да вывучэння замежнай мовы ў сучасным свеце, самарэалізацыі праз далучэнне да іншых культур, талерантным адносінам да іх прадстаўнікоў.

— Мая задача — навучыць дзяцей наладжваць іншамоўныя міжасобасныя і міжкультурныя зносіны з носьбітамі мовы, развіваць навыкі вуснага і пісьмовага маўлення ў вучняў, іх творчыя здольнасці, фарміраваць сацыяльныя кампетэнцыі школьнікаў, — расказвае настаўніца. — На сваіх уроках вучу збіраць, сістэматызаваць і абагульняць неабходную інфармацыю, усвядомлена працаваць з падабранымі матэрыяламі, пісаць паведамленні, сачыненні і апавяданні, аналізаваць матэрыял і рабіць высновы, дапамагаю авалодаць навыкамі самастойнай работы з тэкстам, развіваю ўзаемаразуменне ў вучнёўскім калектыве.

І.В.Прасвірнова вельмі ўважліва падыходзіць да выбару вучэбна-метадычных комплексаў, паколькі вывучэнне замежнай мовы ў школе праходзіць па-за натуральным моўным асяроддзем. У такой сітуацыі асноўнымі спосабамі фарміравання сацыякультурнай кампетэнцыі з’яўляюцца чытанне, успрыманне маўлення на слых, пісьмо і гаварэнне — усе віды маўленчай дзейнасці.  

— Галоўная крыніца атрымання інфармацыі — вучэбны тэкст, — гаворыць Ірына Валер’еўна. — У якасці такіх тэкстаў выкарыстоўваю тэматычныя, краіназнаўчыя і мастацкія тэксты, вершы, песні, пісьмы, інтэрв’ю, аўдыятэксты гутарак з носьбітамі мовы, відэаматэрыялы. Акрамя падручнікаў, зацверджаных вучэбнай праграмай, звяртаюся да дадатковых вучэбных дапаможнікаў Schritte Plus Neu, Einfach gut, Planetino, Paul, Lisa und & і інш., спецыяльна распрацаваных для вучняў, якія авалодваюць нямецкай мовай як замежнай. Гэтыя дапаможнікі ўлічваюць узроставыя асаблівасці дзяцей, узровень іх падрыхтоўкі і змяшчаюць вельмі шмат аўтэнтычных матэрыялаў (мастацкія тэксты, гульні, СD, DVD, камп’ютарныя праграмы, плакаты, фота, тэсты) для чытання, успрымання маўлення на слых, пісьма і гаварэння.

У сваёй дзейнасці І.В.Прасвірнова прымяняе розныя тэхналогіі і прыёмы работы з аўтэнтычнымі тэкстамі. Іх выбар залежыць ад тыпу ўрока, яго мэт і матэрыялу, які вывучаецца. Найчасцей звяртаецца да гульнявых тэхналогій: граматычных, лексічных і камунікатыўных гульняў, гульняў для развіцця і ўспрымання маўлення на слых і гаварэння. Не абыходзіць увагай тэхналогію мадэльнага навучання, калі заняткі будуюцца ў форме дзелавых гульняў, урокаў-гульняў і ўрокаў-свят. Працуючы з аўтэнтычнымі тэкстамі, карыстаецца таксама тэхналогіяй навучання ў супрацоўніцтве, арганізоўвае навучанне ў групах і па станцыях. Прымяняе аўтэнтычны песенны матэрыял для абагачэння лексікі школьнікаў. Выкарыстоўвае тэхналогію кааператыўнага навучання для інтэнсіўнага абмену інфармацыяй паміж вучнямі.

— Сёння ўжо недастаткова франтальнага апытання дзяцей на занятках, — лічыць педагог. — Неабходна ствараць свабодную прастору, дзе вучні маглі б выкарыстоў­ваць замежную мову для рэалізацыі ўласных думак і ідэй. Інакш кажучы, дзеці павінны пагружацца на ўроках у замежную мову і іншамоўныя зносіны, як на роднай мове. У гэтым вельмі добра дапамагае тэхналогія кааператыўнага чытання — структураваная вучэбная дзейнасць малых груп вучняў, члены якіх кааперуюцца для максімальна эфектыўнай работы з аўтэнтычным тэкстам. Большую частку часу дзеці працуюць з ім у групах, якія складаюцца з 4—5 удзельнікаў рознага ўзроўню падрыхтоўкі. Кожны член групы адказвае за сябе і групу ў цэлым. Адна з істотных пераваг гэтай тэхналогіі заключаецца ў тым, што яна ўлічвае вынікі работы як асобных вучняў, так і цэлай групы, робячы вучэбны працэс індывідуалізаваным і дыферэнцыраваным. Дзякуючы тэхналогіі кааператыўнага чытання, павялічыўся час гаварэння дзяцей на ўроках, павысіўся ўзровень вуснага і пісьмовага маўлення.

Лагічны працяг урочнай дзейнасці — добра прадуманая пазакласная работа па прадмеце, якая заключаецца ў падрыхтоўцы школьнікаў да творчых конкурсаў і пазакласных мерапрыемстваў, накіраваных на ўдасканаленне і паглыбленне вучнёўскіх ведаў. Выхаванцы Ірыны Валер’еўны актыўна ўдзельнічаюць у школьных тыднях замежнай мовы, паказваюць добрыя вынікі ў раённых алімпіядах.

Вялікую ўвагу І.В.Прасвірнова ўдзяляе самаадукацыі і павышэнню кваліфікацыі. Педагог штогод стажыруецца ў Германіі, задзейнічана ў міжнародным супрацоўніцтве з Вальдорфскай школай Равенсбурга.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.