×

З сістэмным падыходам да метадычнага суправаджэння педагогаў-псіхолагаў

16.01.2020 14:39,

Паспяховае развіццё адукацыйнай галіны немагчыма без цэласнай сістэмы метадычнага забеспячэння і бесперапыннай прафесійнай самаадукацыі педагогаў. Імклівае развіццё грамадства патрабуе ад іх пастаяннага абнаўлення ведаў, набыцця новых уменняў і навыкаў, павышэння прафмайстэрства. На Ляхавіччыне ўдзяляецца вялікая ўвага метадычнай рабоце, накіраванай на ўдасканаленне прафесійных і асобасных кампетэнцый педагогаў, засваенне новых метадаў, тэхналогій і элементаў прафесійнай дзейнасці і інш.

Метадычная работа з педагогамі-псіхолагамі ўключае аналітычную, інфармацыйна-, арганізацыйна-, вучэбна-метадычную і кансультацыйную дзейнасць. Метадыст раённага ВМК, які курыруе работу педагогаў-псіхолагаў, збірае, назапашвае і сістэматызуе метадычныя і інфармацыйна-аналітычныя матэрыялы, аператыўна абнаўляе банк даных работнікаў, якія наведалі вучэбныя курсы і семінары па розных напрамках практычнай дзейнасці, маюць эфектыўныя напрацоўкі і могуць правесці кансультацыі па праблемных сітуацыях, прагназуе і плануе павышэнне кваліфікацыі.

Наладжана цеснае партнёрскае ўзаемадзеянне раённага ВМК, спецыялістаў СПЦ і раённага аддзела па адукацыі па пытаннях, звязаных з арганізацыяй дзейнасці сацыяльна-псіхолага-педагагічных службаў, планаваннем сумесных мерапрыемстваў, абменам вопытам сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай дапамогі і інш. Дзейсную дапамогу аказваюць метадысты Брэсцкага абласнога ІРА.

ВМК знаходзіцца ў актыўным пошуку эфектыўных форм метадычнай работы з педагогамі-псіхолагамі з улікам іх запытаў, прафесійных цяжкасцей і інтарэсаў, асаблівасцей устаноў адукацыі і выяўленых праблем. Метадычная падтрымка педагогаў-псіхолагаў грунтуецца на прынцыпах дыферэнцыяцыі, бесперапыннасці, адраснасці і аператыўнасці рэагавання на ўсе пытанні.

Задача метадыста — выкарыстоўваць такія формы, прыёмы і спосабы ўзаемадзеяння, якія дапамаглі б педагогам-псіхолагам усвядоміць прафесійныя цяжкасці і заняцца ўдасканаленнем уласных прафесійных кампетэнцый. Мерапрыемствы, якія праводзяцца ў міжкурсавы перыяд з педагогамі-псіхолагамі, накіраваны на павышэнне іх педмайстэрства, асобаснага і прафесійнага росту. Важную ролю ў гэтым адыгрывае вучэбна-метадычнае аб’яднанне педагогаў-псіхолагаў устаноў адукацыі, удзель­нікі якога разам шукаюць шляхі вырашэння розных праблем, актыўна прапагандуюць свае напрацоўкі на старонках “Настаўніцкай газеты”. На пасяджэнні аб’яднання запрашаюцца медыкі, прадстаўнікі РАУС і інш. Удзельнікі аб’яднання выпускаюць метадычныя веснікі, рэкамендацыі, памяткі.

З мэтай стымулявання прафесійнага росту педагогаў-псіхолагаў, абмеркавання актуальных пытанняў, зместу сучасных тэхналогій, методык, метадаў і прыёмаў сацыяльна-псіхолага-педагагічнага суправаджэння ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу выкарыстоўваюцца розныя формы работы. Так, штогод у жніўні ла­дзіцца інструктыўна-метадычная нарада ці тэарэтычны семінар, дзе спецыялісты СППС знаёмяцца з асноўнымі напрамкамі работы ў новым навучальным годзе. Практыкуюцца тэматычныя круглыя сталы (“Псіхалагічная бяспека школьнага асяроддзя”, “Арганізацыя комплекснай сістэмы псіхалагічнага і сацыяльна-педагагічнага суправаджэння замяшчальных сем’яў”, “Прафесійная дзейнасць педагога-псіхолага па падтрымцы сям’і”). Ладзяцца псіхолага-педагагічныя семінары, дзе разглядаюцца пытанні псіхалагічнага суправаджэння адукацыйнага працэсу (“Настаўнік і праблемы дысцыпліны”, “Псіхолага-педагагічныя ўмовы фарміравання лідарства. Развіццё пазітыўных лідарскіх якасцей”, “Прафілактыка насілля і жорсткага абыходжання з непаўналетнімі”). Даволі запатрабаваныя семінары-практыкумы, дзе прэзентуецца практычны эфектыўны вопыт работы (“Псіхалагічныя аспекты і сучасныя падыходы ў рабоце педагога-псіхолага з вучнямі з дэвіянтнымі паводзінамі”, “Адказныя і бяспечныя паводзіны дзяцей і падлеткаў як умова забеспячэння псіхалагічнага здароўя школьнікаў”, “Арганізацыя псіхолага-педагагічнага су­праваджэння дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання вучняў 7—10 класаў, аказанне псіхалагічнай падтрымкі ў іх прафесійным самавызначэнні”, “Псіхолага-педагагічнае садзейнічанне вучням 5-х класаў у адаптацыі пры пераходзе з пачатковай школы ў сярэдняе звяно”, “Арганізацыя работы ўстаноў адукацыі па прафілактыцы крызісных станаў, пераадоленні прафесійных стрэсаў”).

Адпрацаваць пэўныя прафесійныя ўменні і навыкі дапамагаюць трэнінгі, пры правядзенні якіх шырока выкарыстоўваюцца педагагічныя сітуацыі праблемнага характару (“Арганізацыя дзейнасці педагога-псіхолага па абароне правоў і інтарэсаў непаўналетніх”, “Псіхалагічная падтрымка педагога ва ўмовах інтэграванага навучання, інклюзіўнай адукацыі”).

З мэтай актывізацыі творчай дзейнасці педагогаў, пошуку новых педагагічных ідэй і метадычных знаходак, распаўсюджвання эфектыўнага вопыту праходзяць метадычныя кірмашы. Вялікую цікавасць выклікаюць майстар-класы (“Выкарыстанне метадаў арт-тэрапіі ў практыцы работы педагога-псіхолага ўстановы адукацыі”, “Казкатэрапія як метад псіхалагічнай работы з дзецьмі”) і метадычныя дыялогі (“Адораныя дзеці: выяўленне, іх асаблівасці і метады работы з імі”).

Ва ўстановах адукацыі ладзяцца метадычныя дэкады спецыялістаў СППС, дзе прадстаўлена метадычная і пазакласная дзейнасць педагогаў-псіхолагаў. Па выніках дэкады выпускаецца інфармацыйна-метадычны бюлетэнь ці метадычны веснік.

Кожны педагог-псіхолаг напрацоўвае метадычны партфель, які дазваляе сістэматызаваць работу за год, выбраць найбольш удалыя метадычныя прыёмы і абагульніць іх у выглядзе метадычных распрацовак.

Эфектыўнай формай метадычнай падтрымкі з’яўляюцца таксама індывідуаль­ныя кансультацыі. Так, спецыялісты СПЦ кансультуюць педагогаў-псіхолагаў па пытаннях арганізацыі прафілактыкі суіцыдальных паводзін і псіхолага-педагагічнага суправаджэння вучняў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Акрамя таго, у СПЦ праводзяцца дні метадычнага кансультавання (“Псіхолага-педагагічныя аспекты дзейнасці педагога-псіхолага з высокаматываванымі (адоранымі) вучнямі”, “Арганізацыя і функцыянаванне пункта псіхалагічнай падтрымкі для выпускнікоў у перыяд здачы выпускных экзаменаў”, “Арганізацыя дыягнастычнай работы педагога-псіхолага па выяўленні вучняў у крызісным стане”).

З мэтай своечасовага забеспячэння спецыялістаў СППС актуальнай інфармацыяй ва ўстановах адукацыі распаўсюджваюцца метадычныя аператыўкі ў выглядзе электронных метадычных пакетаў дакументаў, а таксама право­дзяцца вучэбныя семінары (“Арганізацыя работы спецыялістаў СППС па фарміраванні палавой недатыкальнасці дзяцей і падлеткаў”, “Арганізацыя работы педагога-псіхолага ўстановы адукацыі з непаўналетнімі, схільнымі да дэвіянтных паводзін”, “Псіхалагічная дапамога вучням пры падрыхтоўцы да здачы экзаменаў і ЦТ”, “Рэкамендацыі па арганізацыі псіхакарэкцыйных мерапрыемстваў ва ўстанове адукацыі”, “Дыяг­настычная работа педагога-псіхолага па абароне дзяцей ад жорсткага абыходжання і насілля”, “Пяць аргументаў на карысць школьнага псіхолага. Чаму да яго варта звярнуцца”). 

З мэтай аказання метадычнай дапамогі, павышэння інфармаванасці спецыялістаў СППС створаны адпаведныя вэб-старонкі на сайтах раённага аддзела па адукацыі, раённага ВМК і СПЦ, дзе размешчаны інфармацыйна-асветніцкія матэрыялы для кансультацыйнай псіхалагічнай дапамогі бацькам і педагогам па пытаннях захавання псіхалагічнага здароўя школьнікаў (“Прафілактыка насілля і жорсткага абыходжання з непаўналетнімі”, “Псіхалагічны імунітэт: як захаваць эмацыянальнае здароўе школьніка”, “Прафарыентацыйная работа”, “Псіхадыягностыка”, “Адаптацыя”, “Інфармацыйная бяспека”, “Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання. Прафесійнае самавызначэнне вучняў”, “Работа з адоранымі дзецьмі”).

У бягучым навучальным годзе запланаваны псіхолага-педагагічныя чытанні, якія стануць своеасаблівай справаздачай педагогаў-псіхолагаў аб выніках сваіх прафесійных пошукаў.

Ірына ВІХНОЎСКАЯ,
метадыст Ляхавіцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.