×

За здаровы лад жыцця

01.10.2019 11:20,

Надзвычай весела і цікава ў яслях-садзе № 4 Ганцавіч прайшоў Тыдзень спорту і здароўя, у якім актыўна ўдзельнічалі педагогі, дзеці і іх бацькі. Калектыў установы зрабіў усё магчымае, каб запланаваныя мерапрыемствы прынеслі выхаванцам шмат новых ведаў і яркіх уражанняў.

Тэматычны тыдзень право­дзіўся пад агульным дэвізам “Мы — за здаровы лад жыцця!”. Педагогі знаёмілі дзяцей з рознымі відамі спорту, спосабамі ўмацавання імунітэту. Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся шмат карыснага пра свой арганізм, памочнікаў здароўя, аздараўленчыя мерапрыемствы, узаемасувязь здароўя і харчавання.

Кожнаму дню тыдня адпавядаў свой дэвіз. Для стварэння станоўчага эмацыянальнага настрою на працягу тыдня право­дзілася аздараўленчая гімнастыка для дзяцей і дарослых. Ладзіліся тэматычныя гутаркі, гімнастычныя практыкаванні і фізкультурныя гульні.

Дэвіз панядзелка: “Каб наш дзень быў у парадку, пачынаем мы з зарадкі”. У гэты дзень для выхаванцаў былі арганізаваны фізкультурна-адпачынкавае мерапрыемства “Я з мячом люблю гуляць”, рухавыя гульні і эстафеты. Педагогі таксама не сядзелі без справы. У панядзелак, сераду і пятніцу займаліся ў фітнес-клубе “Пазітыў”. Педагог-псіхолаг Л.І.Кнурэнка падрыхтавала інтэрнэт-кансультацыю “Вельмі важныя парады бацькам”.

Дэвіз аўторка: “У свеце няма лепшага рэцэпта — мы са спортам неразлучныя!”. У гэты дзень выхаванцы развучвалі песні, прыпеўкі і гульні на спартыўную тэматыку. З вялікім задавальненнем дашкольнікі глядзелі мультфільмы пра спорт і Алімпійскія гульні. Настаўнік-дэфектолаг Ю.С.Багрова падрыхтавала для бацькоў кансультацыю па здароўезберагальных тэхналогіях.

Дэвіз серады: “Я і дома, і ў са­дзе сябрую з фізкультурай”. Выхаванцы актыўна ўдзельнічалі ў дні здароўя “Па здароўе — у дзіцячы сад” і з радасцю выконвалі заданні, прапанаваныя казачнымі персанажамі. Загадчыца ясляў-сада Л.І.Гарагляд узнагародзіла лепшых. Кіраўнік фізічнага выхавання Я.С.Бабко правяла з бацькамі фітнес-заняткі з фітболамі. Музычныя кіраўнікі падрыхтавалі для мам і татаў кансультацыю “Музыка і здароўе дзяцей”.

Дэвіз чацвярга: “Усім вядома, усім зразумела, што здаровым быць прыемна!”. Дзеці разам з дарослымі ўдзельнічалі ў агітацыйнай акцыі “Мы выбіраем здаровы лад жыцця” і фізкультурна-адпачынкавым мерапрыемстве “Трэніруемся разам”. Выхавальнікі чыталі дзецям мастацкую літаратуру пра здароўе.

Дэвіз пятніцы: “За здароўем сачы рэгулярна, быць здаровым заўсёды папулярна!”. У гэты дзень кіраўнікі фізічнага выхавання правялі дзень здароўя для работнікаў ясляў-сада, якія спаборнічалі ў каманднай эстафеце ў розных намінацыях. Лепшым скіперам і самай гнуткай стала памочніца выхавальніка Т.І.Камель, лепшым вадзіцелем — музычны кіраўнік Н.І.Жыгун, лепшым скакуном — выхавальніца І.В.Плакса.

У музычна-спартыўнай зале была аформлена выстава дзіця­чых малюнкаў і фотаздымкаў “Куток здароўя”.

Па выніках Тыдня спорту і здароўя лепшыя ўдзельнікі атрымалі ганаровыя граматы і медалі.

Работа педагогаў па захаванні і ўмацаванні здароўя ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу не абмяжоўваецца толькі тэматычным тыднем. Выхавальнікі фарміруюць у дашкольнікаў усвядомленыя адносіны да ўласнага здароўя на працягу года. Далучаючы іх да здаровага ладу жыцця, педагогі ўзбройваюць дзяцей карыснымі ўменнямі і навыкамі, вучаць пераадольваць цяжкасці, жыць без шкодных звычак. Толькі сумеснымі намаганнямі ясляў-сада і сям’і можна захаваць і ўмацаваць здароўе дзяцей.

Яўгенія БАБКО,
Людміла ЦІШЧАНКА,
кіраўнікі фізічнага выхавання ясляў-сада № 4 Ганцавіч.