×

Займальныя заданні і развіццёвыя гульні

17.03.2020 12:05,

“Як павысіць эфектыўнасць урока рускай мовы?”, “Як абудзіць у вучняў цікавасць да няспыннага атрымання ведаў”, “Як выхаваць актыўную, творчую і здаровую, у тым ліку маральна, асобу, здольную прымаць самастойныя рашэнні і несці за іх адказнасць?” — гэтыя і многія іншыя пытанні хвалююць настаўніцу пачатковых класаў Ірыну Генадзьеўну Бурштын з брэсцкай сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава.

— Традыцыйныя спосабы навучання не заўсёды забяспечваюць паспяховае засваенне матэрыялу ўсімі вучнямі, — гаворыць педагог. — Узнікае неабходнасць у творчым падыходзе да арганізацыі вучэбнай дзейнасці на ўроках, што патрабуе актывізацыі пазнавальнай матывацыі. Зрабіць гэта можна з дапамогай займальных практыкаванняў і гульняў з арфаграфічнымі, фанетычнымі, графічнымі і граматычнымі заданнямі. Дзякуючы ім вучні атрымліваюць задавальненне ад атрымання новых ведаў, актыўна далучаюцца да працэсу пазнання. Агульнавядома: заўсёды лягчэй запомніць тое, што цікава. Таму пры падрыхтоўцы да ўрокаў падбіраю матэрыял, які будзе цікавым і карысным, які ўзбагачае лексіку дзяцей, дазваляе паспяхова абагульніць набытыя веды і праверыць, як вучні ўмеюць прымяняць іх на практыцы.

У сваёй рабоце І.Г.Бурштын абапіраецца на розныя педагагічныя тэхналогіі і распрацоўкі вучоных і настаўнікаў-наватараў. Абавязкова ўлічвае індывідуальныя асаблівасці вучняў. Стварае на ўроках максімальна камфортныя ў псіхалагічным плане ўмовы для дзяцей з розным узроўнем агульнавучэбнай падрыхтоўкі.

— Актывізаваць пазнавальную дзейнасць вучняў дапамагаюць гульні-загадкі, гульні-задачы, гульні-сцэны, апавяданні пра мову, дыялогі займальнага характару, шарады, крыжаванкі, творчыя спаборніцтвы і работы, — расказвае Ірына Генадзьеўна. — Пры навучанні грамаце ў 1 класе звяртаюся да гульняў “Хто больш уважлівы?” (на вылучэнне і вызначэнне гука), “Хто больш?” (на складанне слоў з вывучанымі гукамі), “Дагавары слоўца” і інш. Прымяняю таксама заданні на складанне рассыпаных літар і складоў. У госці да вучняў прыходзяць казачныя героі, вясёлыя чалавечкі і лясныя звяры, якія просяць дапамогі і парад. Дзеці з задавальненнем разгадваюць рэбусы і крыжаванкі, што патрабуе фантазіі, здагадлівасці, добрых ведаў і лагічнага мыслення. Такія формы работы павышаюць актыўнасць школьнікаў, узбагачаюць іх слоўнікавы запас, развіваюць арфаграфічную пільнасць.    

Даволі прадукцыйным настаўніца лічыць выкарыстанне рыфмаваных практыкаванняў і граматычных казак. Вершаваная форма слоўнага матэрыялу добра ўплывае на выпрацоўку аптымальнага тэмпу і рытму маўлення, адначасова развіваючы цікавасць да паэзіі і рускай мовы.

— Рыфмоўка настолькі захапляе дзяцей сваім рытмам, што яны без адпачынку могуць чытаць па 15 слоў: “Лара, Липа, Лида, Лена, // Гера, Гоша, Галя, Гена, // Соня, Саня и Семён, // Ася, Аня и Антон”, — адзначае І.Г.Бурштын. — Адначасова паўтараем правапіс вялікай літары ў імёнах людзей. Дзякуючы такому прыёму, можна прайсці больш матэрыялу, дзеці не стамляюцца. Рытмічныя тэксты дапамагаюць раней прывесці вучняў ад складовага чытання да чытання цэлымі словамі. Работа над рыфмай вершаваных практыкаванняў развівае фанематычны слых. Рыфмы прыцягваюць дзяцей забаўнай гульнёй слоў і сугуччам іх форм.

Для вылучэння арфаграмы і запамінання яе правапісу настаўніца выкарыстоўвае рыфмоўкі-запаміналкі, якія з’яўляюцца своеасаблівым сродкам апераджальнай падрыхтоўкі да сур’ёзнага вывучэння моўных з’яў. Шматразовае чытанне такіх рыфмовак ці іх завучванне дапамагае трывала, усвядомлена і лёгка засвоіць арфаграфічныя правілы. Напрыклад: “Кошка Маришка, // котёнок Тишка, // щенок Дружок, // цыплёнок Пушок, // корова Бурёнка, // коза Найдёнка, // поросёнок Хрюша // и бычок Гаврюша — // все их клички до одной // пишут с буквы прописной!”

— Рыфмоўкі-трэнажоры прымяняю для чытання і пісьма арфаграфічна насычанага слоўнікавага матэрыялу, — гаворыць Ірына Генадзьеўна. — Такія практыкаванні прыцягваюць увагу дзяцей да арфа­грам, пашыраюць іх уяўленні пра неадпаведнасць напісання вымаўленню слоў. Рыфмоўкі-кантралёры з’яўляюцца сродкам кантролю і самакантролю. Вельмі карысна выкарыстоўваць дыдактычныя матэрыялы з заданнямі па выбары правільнага адказу з двух варыянтаў. Гэта павышае арфаграфічную пільнасць у малодшых школьнікаў.  

Па словах І.Г.Бурштын, займальнасць ствараецца нечаканай пастаноўкай ці фармулёўкай пытання, праблемнай сітуацыяй, незвычайнай формай вядзення ўрока (урок-гульня, урок-падарожжа, урок-віктарына).

— У жыцці і рускай мове заўсёды можна адшукаць штосьці цікавае і захапляльнае. Трэба толькі знайсці яго і правільна падаць вучням, каб падахвоціць іх саміх да адкрыццяў і знаходак, — упэўнена педагог.

Актывізаваць пазнавальную дзейнасць дапамагаюць гульні, праз якія дзеці пазнаюць свет. Гульні павінны адпавядаць узросту, быць творчымі і захапляльнымі, садзейнічаць разумоваму і духоўнаму развіццю, павышаць працаздоль­насць, дазваляць шматразова паўтараць аднолькавы матэрыял без манатоннасці, дапамагаць трывала засвойваць яго, развіваць пазнавальны інтарэс да рускай мовы, узбагачаць слоўнікавы запас, пашыраць кругагляд, выхоўваць ініцыятыву, настойлівасць і мэтанакіраванасць, фарміраваць уменне знаходзіць рашэнне ў нестандартнай сітуацыі.

— Дзеці актыўна ўключаюцца ў цікавую гульню, размяркоўваючы паміж сабой ролі, імкнуцца дасягнуць лепшых вынікаў, радуюцца перамогам, засмучаюцца ад няўдач, — гаворыць І.Г.Бурштын. — Вучэбны патэнцыял гульняў шырока выкарыстоўваю ў педагагічнай дзейнасці. Гульні дапамагаюць стварыць у класе атмасферу партнёрства і ўзаемапавагі, умацаваць веру дзіцяці ва ўласныя сілы, адчуць смак асабістай і калектыўнай перамогі. Сярод інтэлектуальна-развіццёвых гульняў асаблівай папулярнасцю карыстаюцца гульні ў загадкі. Цікавасць выклікае не толькі працэс разгадвання загадак, але і вынік спаборніцтва. У залежнасці ад тэматыкі загадкі ўтрымліваюць шырокае кола звестак пра навакольны свет. Выкарыстанне загадак дазваляе канцэн­траваць увагу на найбольш цяжкай арфаграме. Галоўная асаблівасць загадкі ў тым, што яна ўяўляе сабой лагічную задачу. Разгадаць загадку азначае знайсці яе рашэнне, выканаць складаную мысліцельную аперацыю. Разгадванне загадак адточвае і дысцыплінуе розум, прывучаючы дзяцей да логікі, разважанняў і доказнасці.

На ўроках паўтарэння настаўніца лічыць мэтазгоднай ролевую гульню “Інтэрв’ю з вучнямі”. Клас дзеліцца на 2 групы. Спачатку першая група задае пытанне другой па зададзенай тэме, затым другая група — першай. Калі адказ няпоўны, то група, якая задала пытанне, дапаўняе яго.

— Нетрадыцыйныя формы навучання робяць заняткі жывымі, а зносіны — шчырымі, дапамагаюць выклі­каць цікавасць да цяжкага прадмета, зрабіць школьнікаў актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, трывала і глыбока засвоіць веды, здабытыя ўласнай працай, — падагульняе Ірына Генадзьеўна. 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.