×

Жыве ў пакаленнях памяць

09.04.2019 11:47,

Кожны з нас хоць аднойчы сутыкаўся з выразам “дзяцінства, апаленае вайной”. На ўроках мовы і літаратуры, падчас пазакласнай работы мы разбіраемся ў яго значэнні, даводзім да дзіцячай свядомасці ўсю яго жорсткасць і непрымальнасць. А што, калі пайсці далей і паразважаць не проста пра маленства, а пра ўсё жыццё, знявечанае такой чэрствай і бязглуздай з’явай, як вайна?

Менавіта такую мэту ставілі педагогі нашай школы на вясенніх канікулах, прапанаваўшы вучням наведаць Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Цікавая ініцыятыва школьнікам спадабалася. Ахвотных выправіцца ў падарожжа аказалася столькі, што давялося зладзіць “конкурс”, каб выбраць 50 лепшых. Аднаго музея аказалася мала, таму вырашылі пабываць таксама ў мемарыяльным комплексе “Трасцянец”. Там карысна пабываць кожнаму, каб усвядоміць бесчалавечнасць вайны і не дапусціць яе паўтарэння.

Нашым экскурсаводам быў настаўнік гісторыі Яраслаў Аляксеевіч Койка, які здолеў словамі перадаць увесь жах і жудасць ваеннага ліхалецця. Падчас наведвання “Трасцянца” мы сустрэлі групу канадцаў. Сярод іх была жанчына, якая прыехала наведаць мясціны, дзе была забіта яе бабуля. Нягледзячы на ўзрост, чалавек за тысячы кіламетраў прыляцеў сюды: “Нам ні ў якім разе нельга забываць мінулага, каб яно не забіла нас і не знішчыла дашчэнту”. У складзе групы быў Уладзімір Бакун, прадзюсер нашумелай дакументальнай стужкі “Зондаргета”, якая ўражвае праўдзівасцю ў выкрыцці фашысцкіх злачынстваў у дачыненні да яўрэяў. Ён паабяцаў, што не спыніцца на гэтай рабоце, бо яму яшчэ шмат трэба сказаць моладзі.

28 сакавіка быў адкрыты манумент “Масіў імёнаў”, закліканы не забываць пра больш як 10 тысяч аўстрыйцаў, знішчаных у Трасцянцы разам з яўрэямі. Мы ўшанавалі хвілінай маўчання памяць пра тых, хто не змог выжыць у самай жорсткай машыне забойстваў ХХ стагоддзя.

Музей Вялікай Айчыннай вайны моцна ўразіў і захапіў вучняў рэалізмам рэпрадукцый ваенных падзей і жыцця. Экскурсавод расказвала пра даты, бітвы, зброю… Усё было цікава і карысна. А той факт, што ў музеі мы знайшлі рэчы нашага земляка-краязнаўцы Льва Коласава, выклікаў пачуццё бязмежнага гонару за Лунінеччыну. Пра партызанскую брыгаду імя Кірава, якая дзейнічала ў нашым раёне падчас вайны і чуткі пра якую пужалі фашыстаў, экскурсавод прыгадала таксама.

Несумненна, мы абавязкова вернемся сюды, бо дзецям трэба паказваць і расказваць гісторыю нашай краіны дзеля іх шчаслівай будучыні.

Андрэй КІСЛЮК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Лунінца.