×

Зладзілі калядкі

21.01.2020 14:24,

Са старажытных часоў прыйшлі да нас калядкі. Здаўна калядоўшчыкi хадзілі па дварах, спявалi велічальныя песні i шчадроўкi, у якіх зычылi дабра i шчасця, славілі гаспадароў, жадалі ім добрага здароўя, багатага ўраджаю. Лiчылася, як правядзеш калядныя навагоднiя святы, такiм увесь год будзе. Усе з нецярпеннем чакалі прыходу калядоўшчыкаў, бо меркавалі, што, да каго яны зойдуць, той двор у новым годзе ўдачлівы будзе, з дастаткам і прыбыткам. Гаспадары частавалі калядоўшчыкаў пірагамі, булкамі, цукеркамі, дробнымі манетамі.

У яслях-садзе № 4 Ганцавіч зладзілі калядкі. Выхаванцы старшай групы разам з выхавальніцай А.С.Швайко і музычным кіраўніком Н.І.Жыгун падрыхтавалі вясёлае забаўляльнае выступленне. Дзеці-калядоўшчыкі ў касцюмах з музычнымі інструментамі, песнямі і заклічкамi, пажаданнямі багацця і шчасця хадзілі па групах, віншуючы ўсіх са святам, гулялі ў народныя гульні.

Выхаванцы не толькі атрымалі незабыўныя эмоцыі, але і дакрануліся да вытокаў нацыянальнай культуры, народных традыцый і звычаяў, адчулі прыгажосць беларускіх свят і гулянняў.

Дзеці накалядавалі цэлую торбачку пачастункаў. Вясёлыя і шчаслівыя, доўга дзяліліся ўражаннямі.

 

Ніна ЖЫГУН,
музычны кіраўнік ясляў-сада № 4 Ганцавіч.