×

Цуды на Каляды

30.01.2019 16:47,

Каляды — цудоўная нагода ашчаслівіць дзетак, якія засталіся без апекі бацькоў, і дзетак з абмежаванымі магчымасцямі. Штогод члены піянерскай дружыны імя С. Санца ўдзельнічаюць у рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Цуды на Каляды”. Сёлета акцыя ў нашай школе праходзіла з 1 снежня 2018 года па 10 студзеня 2019 года.

Актывісты БРПА змайстравалі сімвал акцыі — чырвоныя рукавічкі — у розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Піянеры заклікалі навучэнцаў, работнікаў школы, аднавяскоўцаў не заставацца абыякавымі і зрабіць свой унёсак у збор падарункаў для дзетак, якія больш за ўсё ў гэтым маюць патрэбу.

Штодзень у школу прыносілі ахвяраванні і падарункі: алоўкі, кнігі, цацкі, альбомы для малявання. Кожны вучань хацеў выступіць у ролі маленькага чараўніка і падарыць штосьці ад сябе, каб парадаваць дзіця, якое так жа, як ён сам, верыць у навагодні цуд і чакае жаданага падарунка. Узамен навучэнцы атрымлівалі ад актывістаў грамадскіх арганізацый чырвоныя рукавічкі, якія сімвалізуюць імкненне дзяцей і моладзі аддаць часцінку цяпла іншаму.

Назіраючы за нашымі вучнямі, мы пераканаліся, што акцыя “Цуды на Каляды” дапамагла запаліць іскрынку дабра ў іх сэрцах.

Алёна КАРАЛЕЦ,
педагог-арганізатар Верасніцкай сярэдняй школы Жыткавіцкага раёна.