×

Абласны бацькоўскі сход у тэлеэфіры

06.06.2019 12:26,

Абласны бацькоўскі сход для галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама ўжо на працягу многіх гадоў з‘яўляцца адным з вартых і дзейсных фарматаў, якія тычацца зносін з бацькамі навучэнцаў.

Як правіла, штогод для правядзення мерапрыемства паводле розных крытэрыяў вызначаўся пэўны рэгіён. Гэта выдатная знаходка. Адзіны мінус — непасрэднымі ўдзельнікамі такога бацькоўскага сходу становяцца жыхары абранага раёна. Астатнія атрымліваюць звесткі са сродкаў масавай інфармацыі і па чутках. Пачалі шукаць новае рашэнне, і хутка яно было знойдзена. У 2016 годзе абласны бацькоўскі сход адбыўся ў тэлеэфіры.

— Гэта ўнікальны ў сваім родзе ў маштабах краіны сумесны праект тэлерадыёкампаніі “Гомель” і галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, — расказвае вядучы тэлеканала “Беларусь 4” Аляксандр Гавейка. — Традыцыйна бацькоўскі сход у тэлеэфіры змяшчае два блокі пытанняў: ад вядучага і прадстаўнікоў бацькоўскіх камітэтаў Гомельшчыны. Зразумела, эфірная версія не можа змясціць усе меркаванні бацькоў, але кожны зварот, атрыманы пры падрыхтоўцы тэлепраекта, не застанецца па-за ўвагай профільных службаў рэгіёна.

Сёлета на эфірным бацькоўскім сходзе, якому прысвечаны два спецвыпускі ток-шоу “Галоўная тэма”, абмяркоўваліся вынікі навучальнага года, прафарыентацыя і ўступная кампанія — 2019, пытанні абароны дзяцінства і бяспечных летніх канікул.

Падрыхтоўка да спецвыпуску пачалася некалькі месяцаў назад. Ва ўсіх раёнах Гомельскай вобласці быў адкрыты збор пытанняў і прапаноў ад бацькоў. Аўтары найбольш актуальных зваротаў атрымалі магчымасць прыняць удзел у здымках тэлепраекта і задаць сваё пытанне спецыялістам непасрэдна ў студыі.

Экспертны савет, як заўсёды, узначаліў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын. Разам з ім у ролі экспертаў выступілі кіраўнікі вядучых устаноў адукацыі, медыцыны, а таксама спецыялісты, якія адказваюць за занятасць і аздараўленне школьнікаў.

Спецвыпускі ток-шоу “Галоўная тэма”, прысвечаныя пытанням адукацыі, выйдуць у эфір тэлеканала “Беларусь 4” 5 чэрвеня ў 19.20 (паўтор — 6 чэрвеня ў 9.05 і 15.55) і 19 чэрвеня ў 19.20 (паўтор — 20 чэрвеня ў 9.05 і 15.55).

Наталля ЛУТЧАНКА.