×

Адкрыццё педагагічных ідэй

06.06.2019 14:18,

Больш за 130 педагогаў і навучэнцаў сабраліся ў Крынічанскай сярэдняй школе Мазырскага раёна, дзе адбыўся фестываль інавацыйных педагагічных ідэй “Адкрыццё”. Трэці раз запар прадстаўнікі 21 установы адукацыі з розных куткоў Гомельскай вобласці сустрэліся, каб прэзентаваць інавацыйны вопыт.

Фестываль, мэтай якога з’яў­ляецца абагульненне, прадстаўленне і трансляцыя інавацыйнага прафесійнага вопыту, накіраваны перш за ўсё на павышэнне якасці адукацыі, развіццё рэгіянальнага супрацоўніцтва ў педагагічным асяроддзі, а таксама на выяўленне і падтрымку таленавітых, актыўных педагогаў і навучэнцаў, абмен вопытам у галіне інавацыйнай дзейнасці.

На працягу двух дзён госці і гас­падары мерапрыемства трансліравалі свой інавацыйны вопыт у намінацыях “Выстава”, “Стэндавыя даклады”, “Прадстаўленне інавацыйнага вопыту ў творчай форме” і “Майстар-клас”.

Праекты і прадукты інавацыйнай дзейнасці, выступленне творчай каманды, а таксама дыскі, буклеты, матэрыялы ў перыядычных выданнях, кейсы, узнагароды, дыпломы, падзякі па выніках удзелу ў конкурсах, выставах і фестывалях у рамках інавацыйнай дзейнасці — вось далёка не поўны пералік таго, што ўбачылі ўдзель­нікі мерапрыемства.

Кожны год прыўносіць у фестываль новыя ноткі і адметныя рысы, становіцца візітнай карткай крынічанскай школы, набывае папулярнасць сярод навучэнцаў, педагогаў і гасцей.

У 2018/2019 навучальным годзе калектыў пачаў работу над інавацыйным праектам “Укараненне мадэлі фарміравання культуры навучання ў сферы энергетыкі ва ўмовах сеткавага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі”. За гэты перыяд навучэнцы школы не толькі атрымалі шэраг новай карыснай інфармацыі, але і шмат у чым змянілі сваё стаўленне да існуючых у сферы энергетыкі праблем, а таксама выпрацавалі стратэгію паводзін для ўнясення свайго ўкладу ў іх вырашэнне. Удзел у згаданым праекце школа прадэманстравала на сёлетнім фестывалі.

На класных гадзінах і агульна школьных мерапрыем­ствах, праве­дзеных у рамках работы над праектам, хлопцы даведаліся пра гісторыю энергетыкі, віды энергіі, яе крыніцы і выпрацоўку, пра праблемы  эканоміі; усвядомілі важнасць энергазберажэння для існавання чалавека і прыроды, навучыліся прымяняць атрыманыя веды на практыцы.

Вядома, не засталіся па-за ўвагай і акцыя “Гадзіна Зямлі”, Міжнародны дзень энергазберажэння, якія падтрымалі педагогі школы, бацькі і навучэнцы, выключыўшы тэлефоны, камп’ютары і тэлевізары, а таксама ўсе электрычныя прыборы.

У рамках тыдня “Энергазберажэнне — важнае рашэнне”, які праводзіўся ў школе, найбольш актыўныя вучні займаліся даследчай дзейнасцю і працавалі над рэалізацыяй міні-праектаў. Як адзначылі школьнікі, найбольш актуальнымі аказаліся праекты, прысвечаныя зберажэнню энергіі ў дамашніх умовах, у ходзе якіх былі зроблены шматлікія фізіка-матэматычныя вылічэнні, выпрацаваны практычныя парады па энергазберажэнні ў школе і дома, праведзены даследаванні па гісторыі і дзейнасці мазырскіх прадпрыемстваў, нафтаперапрацоўчага завода і цеплаэлектрацэнтралі, а таксама праекты аб прафесіях, запатрабаваных у сферы энергетыкі.

Не пакінулі абыякавымі навучэнцаў школы экскурсіі, арганізаваныя на Мазырскую ЦЭЦ і ў Эколага-культурны цэнтр аграгарадка Козенкі. Тут хлопцы і дзяўчаты змаглі ўбачыць, як выпрацоўваецца энергія для ўсяго Мазыра, таксама экскурсаводы расказалі пра работу фотаэлектрычнай станцыі як альтэрнатыўнай крыніцы энергіі і паказалі, як гэта адбываецца.

Вынікам усіх мерапрыемстваў стаў выпуск буклетаў і памятак з парадамі, кіруючыся якімі кожны ўжо зараз можа ўнесці важкі ўклад у эканомію рэсурсаў.

Хацелася б адзначыць, што цікавасць да фестывалю інавацыйных педагагічных ідэй “Адкрыццё” расце, ён становіцца больш значным, бо адкрывае новыя магчымасці для маладых, энергічных, тых, хто знахо­дзіцца ў пастаянным пошуку і хоча мяняць сучаснасць і будучыню.

Вольга ГАРЧАНКА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры Крынічанскай сярэдняй школы Мазырскага раёна.