×

Адкрыццё STEM-цэнтра ў гімназіі

20.06.2019 15:39,

Два гады назад у гімназіі Брагіна было арганізавана аб’яднанне па інтарэсах “Стварэнне камп’ютарных гульняў на мове праграмавання Scratch”.

Ініцыятыўны настаўнік інфарматыкі Сяргей Аляксандравіч Алфімцаў вельмі хутка змог зацікавіць дзяцей, якія разам з ім сумленна працавалі. Хутка былі першыя вынікі: у 2018/2019 навучальным годзе шасцікласнік Уладзіслаў Захараў прывёз з абласнога этапу конкурсу “Патрыёт.by” дыплом І ступені. У гэтым жа годзе каманда навучэнцаў 6 класа ў складзе Данілы Жыляка і Андрэя Мендзелева вярнулася з рэспубліканскіх спаборніцтваў па Scratch-праграмаванні з дыпломам ІІІ ступені.

Таленавітага настаўніка, які ўмее зацікавіць дзяцей, павесці за сабой у свет высокіх тэхналогій, адзначылі на спаборніцтвах прадстаўнікі адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій. Яны далі магчымасць далей развівацца гімназістам у гэтым кірунку. На выдзеленыя грашовыя сродкі быў адноўлены кабінет інфарматыкі гімназіі і ператвораны ў STEM-цэнтр.

STEM-цэнтр — гэта тэхнічна абсталяваны клас, у якім навучэнцы змогуць бясплатна, дадаткова да асноўных вучэбных заняткаў займацца праграмаваннем, робататэхнікай, 3D-мадэляваннем, дакладнымі і прыродазнаўчымі навукамі, развіваць інжынерныя навыкі.

— Нашы гімназісты заўсёды былі лепшымі і будуць горда несці гэтае званне, — пахваліла навучэнцаў дырэктар установы Наталля Міхайлаўна Даўжанок на адкрыцці цэнтра. — Я спадзяюся, што ў сценах гімназіі расце годная змена для будучых кампаній Парка высокіх тэхналогій.

На занятках у STEM-цэнтры дзеці будуць вучыцца пісаць праграмы, канструяваць робатаў, выкарыстоўваючы веданне законаў фізікі, матэматыкі, хі­міі, біялогіі. Гэта павысіць цікавасць да дакладных навук, дазволіць павялі­чыць агульны ўзровень ведаў і, безумоўна, паспрыяе таму, што нехта з навучэнцаў выбера тэхнічную спецыяльнасць.

Вольга ГАРДЗЕЕНКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі Брагіна.
Фота прадастаўлена раённай газетай “Маяк Палесся”.