×

Адзін за ўсіх — і ўсе за аднаго

13.06.2019 10:36,

Ужо традыцыйна 250 актыўных хлопцаў і дзяўчат з усіх раёнаў Гомельшчыны пачынаюць сваё лета з гульні “Зарніца” – таго самага спартыўна-патрыятычнага спаборніцтва, якое добра вядома са школьных часоў іх бацькам і нават бабулям і дзядулям.

Для сучасных школьнікаў патрыя­тычная гульня застаецца не менш прывабнай, прыняць у ёй удзел мараць многія. Нягледзячы на тое, што больш за тыдзень прыхо­дзіцца жыць у палявых умовах і амаль па-армейску, хлопцы і дзяўчаты з вялікім жаданнем прыяз­джаюць у палявы лагер, каб паспаборнічаць у ваенных навыках. Менавіта на навучанне асноўным прынцыпам ваеннай справы накіравана “Зарніца”. І хаця праходзіць яна ў гульнявой форме, без пэўных навыкаў, замацаваных пад кіраўніцтвам педагогаў, не тое каб не дайсці да перамогі — нават прыняць удзел у гульні не атрымаецца.

Нязменна на працягу доўгага часу абласная спартыўна-патрыятычная гульня “Зарніца” прахо­дзіць на тэрыторыі дзіцячага рэабілітацыйнага-аздараўленчага цэнтра “Пралеска”, што ў Жлобінскім раёне. Профільны палатачны лагер размяшчаецца на беразе ракі Днепр, і на працягу дзевяці дзён юнармейцы прымаюць удзе­л у ваенна-прыкладных, турыстычных, спартыўных, інтэлектуальных і іншых мерапрыемствах.

І вось 4 чэрвеня адбылося адкрыццё палатачнага лагера для ўдзель­нікаў абласной “Зар­ніцы”. 25 каманд з 10 чалавек кожная атрымалі права прыняць удзел у абласным спаборніцтве дзякуючы перамозе ў раённым этапе гульні.

На ўрачыстай лінейцы камандзіры здалі рапарты аб гатоўнасці сваіх аддзяленняў да ўдзелу ў гульні. З пачаткам спаборніцтваў юных армейцаў павіншавалі намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Жанна Ждановіч, начальнік ваенна-транспартнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Аляксей Паддубны, ваенны камісар Жлобінскага раёна Алег Сачыўка, прадстаўнікі розных міжведамасных структур.

Далей удзельнікі прайшлі да месцаў сваёй дыслакацыі, каб яшчэ раз абмеркаваць правілы гульні і пачаць падрыхтоўку да першых спаборніцтваў.

У кожнага юнармейца каманды свае абавязкі, свая адказнасць. І ў кожнага — агульная адказнасць за падтрымку і дапамогу сваіх таварышаў. “Зарніца” — гэта камандная гульня, тут не кожны за сябе, як у адзі­наборствах, а як у Д’Артаньяна і яго сяброў-мушкецёраў: адзін за ўсіх — і ўсе за аднаго.

Першы дзень прадоўжыўся правядзеннем агляду строю і песні “Аты-баты, ішлі салдаты з песняй на парад” і конкурсам па агнявой падрыхтоўцы і пераадоленні паласы перашкод “Да абароны Айчыны гатовы!”, арганізатарам якіх выступіў ваенна-транспартны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. Завяршалі яго вучэбныя заняткі для сапёраў і танцавальна-гульнявая пра­грама.

За час работы палатачнага лагера юнакі і дзяўчаты паказалі камандную згуртаванасць, упартасць, сілу і адвагу, спрыт і поспех у шматлікіх спаборніцтвах. Так, каманды-ўдзельніцы прайшлі турыстычную эстафету “Адзін за ўсіх — і ўсе за аднаго”, якую для іх падрыхтавалі педагогі Гомельскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства. Навучэнцам належала паказаць сваё майстэр­ства і навыкі ў розных этапах эстафеты. Каманды разбівалі палаткі, праходзілі пераправу па паралельных вяроўках і бервяне, расшыфроўвалі тапаграфічныя знакі, вязалі вузлы, разводзілі касцёр.

Займальную інтэлектуальную гульню, прысвечаную 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, правялі для ўдзель­нікаў “Зарніцы” кіраўнікі клуба інтэлектуальных гульняў “Белая рысь” абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі Леанід і Таццяна Клімовіч.

Тэма 75-годдзя вызвалення Беларусі таксама была ўключана і ў прэзентацыю дзейнасці атрадаў. Юныя армейцы прадстаўлялі свае атрады ў рамках конкурсу візітных картак.

Неверагодна цікавым атрымаўся конкурс інсцэніравання песні “З іскрай у душы і верай у перамогу”, падчас якога ўдзельнікі дэманстравалі выканальніцкае майстэрства. Хлопцам і дзяўчатам неабходна было не проста выканаць ваенна-патрыятычную песню, але і разыграць адпаведны сюжэт у палявых умовах.

Кожны дзень у палатачным лагеры быў распісаны. Акрамя спаборніцтваў, юнармейцы адпачывалі з песнямі і гутаркамі каля кастра, а таксама засвойвалі новыя веды і навыкі, якія тычацца армейскага жыцця і ваеннай падрыхтоўкі.

Дзевяць дзён нялёгкіх спаборніцтваў — і ўпартая барацьба за перамогу засталася ў гісторыі і пакінула юнакам і дзяўчатам незабыўныя ўспаміны. А лепшыя вынікі ў абласной ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца” паказала каманда “Ліга” Доўскай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота прадастаўлена арганізатарамі гульні.